Сяргей Марцалеў: Плошча – гэта наш сакральны сімвал


https://youtu.be/B1pnt4kygf4
https://youtu.be/3rKa5N2mw3U
Сяргей Марцалеў гаворыць, што “не мог не прыйсці на Плошчу”. “Для мяне гэта было адначасова і чалавечае рашэнне, і прафесійнае. Больш за тое – у мяне заставаўся страх, што мы паўторым памылку 2006-га, калі патэнцыял людзей – тых, хто паверыў і прыйшоў, – застаўся не запатрабаваны”, – гаворыць былы кіраўнік выбарчага штабу кандыдата на прэзідэнта Мікалая Статкевіча, Сяргей Марцалеў.

На ягоную думку, выхад на Плошчу не быў марны і прывёў да шэрагу зменаў як у краіне, гэтак і ў дачыненнях афіцыйнага Менску з іншымі дзяржавамі. “Гэта былі не выбары. Нашую краіну проста згвалцілі. І хтосьці за мяжою быў не супраць “прыкрыць пледзікам” гэтую справу і паказаць, што ўсё добра. Нашаю задачаю было паказаць, што мы не згодныя і выбараў не было. Пасля 19 снежня нават тыя, хто лабіяваў інтарэсы гэтага палітычнага рэжыму за мяжою, пабачылі ягоны звярыны ашчэр”, – заявіў Сяргей Марцалеў у інтэрв’ю тэлеканалу “Белсат”.

Да таго ж шараговым беларусам давялося расплачвацца за перадвыбарчую шчодрасць Аляксандра Лукашэнкі. У выніку вялізарнай інфляцыі 500-доларавы заробак знізіўся больш як удвая. “Людзі пабачылі, што спадар Лукашэнка, які называе сябе прэзідэнтам, ім схлусіў”, – падкрэсліў Марцалеў.

“Плошча – гэта не геаграфічны панятак, Плошча – наш сакральны сімвал”, – мяркуе Сяргей Марцалеў. На ягоную думку, Плошча – гэта магчымасць для беларусаў “сказаць “не” хлусні ды падману”. “Хачу падзякаваць тым 40 тысячам маіх суграмадзянаў, што прыйшлі на Плошчу са сваімі блізкімі, дзецьмі. Тым, якія не баяліся, пераадолелі свой страх”, – дадаў Сяргей Марцалеў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары