Памёр паўночнакарэйскі дыктатар


Паводле паведамлення дзяржаўнага тэлебачання Паўночнай Карэі, Кім Чэн Ір памёр ад “фізічнага і разумовага знясілення”. Згодна з інфармацыйным агенцтвам КНДР, у дыктатара здарыўся інфаркт.

Кім Чэн Ір атрымаў уладу ў краіне ад свайго бацькі, Кім Ір Сэна, у 1994 г. Чакаецца, што Паўночную Карэю ачоліць ягоны сын Кім Чэн Ун, якому цяпер каля трыццаці гадоў. “Пад кіраўніцтвам Кім Чэн Уна мы зменім нашую роспач у сілу і адвагу, зможам пераадолець цяперашнія цяжкасці ды змагацца больш рашуча дзеля новых перамогаў чучхе”, – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні інфармацыйнага агенцтва Паўночнай Карэі.

Рэжым у Паўночнай Карэі лічыцца адным з самых жорсткіх у свеце, таксама гэта адна з самых мілітарызаваных дзяржаваў – колькасць вайскоўцаў перавышае 1 млн чалавек пры насельніцтве каля 26 млн. Пры гэтым Паўночная Карэя з-за катастрафічнай эканамічнай сітуацыі вымушаная рэгулярна атрымліваць гуманітарную дапамогу – перадусім харчы. Рэжым Паўночнай Карэі вінавацяць у шматлікіх парушэннях правоў чалавека: адсутнасць свабоды слова, публічныя смяротныя пакаранні, змушэнне да абортаў, існаванне працоўных канцлагераў. Любая крытыка Кім Чэн Іра караецца пазбаўленнем волі.

Паводле аналітыкаў, смерць Кім Чэн Іра выклікае моцны эмацыйны ўсплёск у краіне – дзяржаўная прапаганда за час кіравання Кім Чэн Іра фактычна ператварыла яго ў паўбога.

belsat.eu
https://youtu.be/-tEsdxHACPo
https://youtu.be/Cc0bLPcae2g

Глядзі таксама
Каментары