Еўразійскі саюз абароніць Лукашэнку ад эканамічных санкцыяў?


У гадавіну разгону Плошчы Аляксандр Лукашэнка возьме ўдзел у шэрагу сустрэчаў на найвышэйшым узроўні ў рамках шматбаковых інтэграцыйных аб’яднанняў у Маскве. На парадку дня – абмеркаванне магчымых дзеянняў у выпадку «аказання эканамічнага ціску на адну з дзяржаваў – чальцоў Мытнага саюзу».

19 снежня ў расейскай сталіцы пройдзе першае поўнафарматнае пасяджэнне Вышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў. Плануецца, што ў хадзе пасяджэння будзе прынятае рашэнне пра ўваходжанне ў сілу пакету з 17 базавых пагадненняў, якія фармуюць дамоўна-прававую базу Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП).

Як паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, у мэтах развіцця дамовы аб Еўразійскай эканамічнай камісіі, падпісанай прэзідэнтамі Беларусі, Казахстану і Расеі 18 лістапада 2011 г. у Маскве, удзельнікі пасяджэння прымуць шэраг рашэнняў, звязаных з пачаткам функцыянавання новага адзінага рэгуляцыйнага органу АЭП – Еўразійскай эканамічнай камісіі. Будуць зацверджаныя старшыня і чальцы калегіі, а таксама бюджэт новай камісіі.

«Парадак дня пасяджэння ўключае таксама абмеркаванне алгарытму супольных дзеянняў для прыняцця ўзгодненых захадаў гандлёва-эканамічнай палітыкі ў выпадку аказання эканамічнага ціску на адну з дзяржаваў – чальцоў Мытнага саюзу, што дазволіць скаардынавана абараняць інтарэсы кожнай з дзяржаваў «тройкі», – гаворыцца ў прэс-рэлізе.

Плануецца разгледзець шэраг міжнародных дамоваў, якія сфармуюць дамоўна-прававую базу Мытнага саюзу. У гэты ж дзень адбудзецца пасяджэнне Міждзяржаўнай рады ЕўрАзЭС на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў.

20 снежня Лукашэнка возьме ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў – чальцоў АДКБ, а таксама ў нефармальным пасяджэнні Рады кіраўнікоў дзяржаваў СНД, прымеркаваным да 20-годдзя стварэння Садружнасці, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў