Падатковая падлічыла, колькі Палажанка выдаткавала за тры гады


Цяпер патрабуе, каб намесніца старшыні “Маладога фронту” патлумачыла ў справаздачы, адкуль у яе ўзяліся Br 26 млн.

“Сёння мне прыйшоў ліст, а ў ім табліца – колькі я выдаткавала грошай у 2008, 2009 і 2010 гадах. Пераважна гэта тое, што я клала на мабільны тэлефон. А таксама нейкія ўвогуле мне незразумелыя сумы”, – апавяла “Белсату” Наста Палажанка. Дзяўчына адзначае, што калі падзяліць 26 млн на тры гады, то выдаткі атрымліваюцца вельмі сціплыя: “Падаткавікі больш часу і сродкаў выдаткавалі на збор гэтых звестак”.

Наста Палажанка таксама распавяла, што разам з лістом ад падаткавікоў атрымала і цыдулку за подпісам “крымінальна-выканаўчая інспекцыя” з просьбаю патэлефанаваць на пазначаныя нумары.

Паводле дзяўчыны, міліцыянты рэгулярна наведваюцца да яе цягам ужо двух тыдняў, аднак заспець яе дома ў іх не атрымліваецца. “Учора яны ўвогуле прыйшлі а палове на адзінаццатую увечары, але ў гэты час я была на прэзентацыі новага фільму “Белсату”, таму сустрэцца зноўку не атрымалася”, – гаворыць Наста. Дзяўчына зазначае, што згодна з выракам суда яна не мае жорсткіх абмежаванняў, у які час яна мусіць быць у кватэры. Таму і рэжыму не парушае.

Пільную ўвагу з боку міліцыянтаў Наста Палажанка звязвае з блізкаю гадавінаю Плошчы. 19 снежня “Малады фронт” заклікаў усіх неабыякавых запаліць знічкі надзеі. Пра падтрыманне гэтай ініцыятывы ўжо заявіў шмат хто з былых палітвязняў, апазіцыйных палітыкаў і сваякоў асуджаных.

Дарэчы, позву ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю атрымала і Ірына Халіп. “Прафілактычная размова” мусіць адбыцца 19 снежня а 18-й гадзіне. Ірына Халіп таксама мяркуе, што міліцыянты хочуць не дапусціць яе да ўдзелу ў акцыі салідарнасці.

belsat.eu

Стужка навінаў