Чаму здымаць на “Беларусьфільме” лепш атрымліваецца ў расейцаў?


Рэканструкцыя кінастудыі, на якую выдаткуюць Br 200 млрд, наўрад ці дапаможа павысіць узровень айчыннага кіно, мяркуе беларускі сцэнарыст Андрэй Курэйчык. У Менску расейцы робяць такія яркія і касавыя фільмы, як “Стылягі”, “Паляванне на піранію” ці серыял “Каменская”, беларусы здымаюць на тым жа абсталяванні фільмы кшталту “Дняпроўскі рубеж” ці “На спіне ў чорнага ката”.

Праводзіць рэканструкцыю “Беларусьфільма” цяпер даводзіцца за бюджэтныя грошы. Першапачаткова да рэканструкцыі прыцягнулі літоўскага інвестара, кампанію “Ханер”. Распрацавалі праектна-каштарысную дакументацыю, зацвердзілі будаўніцтва новага вытворчага корпусу кінастудыі. Кошт праекту складаў каля $ 230 млн. Пасля таго, як інвестар унёс у рэканструкцыю каля $ 12 млн, ён сутыкнуўся з фінансавымі праблемамі ды адмовіўся займацца праектам самастойна.

За паўвекавую гісторыю студыі тут ні разу не рабілі капітальнага рамонту. У выніку больш за 53 % збудаванняў кінастудыі застаюцца ў аварыйным стане або наагул непрыдатныя для выкарыстання. Таму ў 2006 г. прынялі рашэнне аб маштабнай рэканструкцыі кінастудыі. У перспектыве там мае з’явіцца Тэатр-студыя кінаакцёра, якая цяпер месціцца ў кінатэатры “Масква”.

У складзе “Беларусьфільму” сёння пяць аб’ектаў: дзве аўтабазы Мінкульту, новы вытворчы комплекс, галоўны корпус кінастудыі, інтэрнат.

Сёлета на рэканструкцыю вылучылі 58 млрд руб., летась – 2 млрд руб. Шчодрасць Мінкульту на 200 млрд руб. звязаная з тым, што кінастудыя мусіць цалкам скончыць абнаўленне налета.

Эксперты адзначаюць, што пры такіх выдатках беларускія фільмы не вытрымліваюць канкурэнтнай барацьбы і застаюцца на паліцах. “Беларусьфільм” не зарабляе грошай, таму бярэ сродкі з дзяржаўнага бюджэту, гэта значыць з падаткаў, – адзначае беларускі сцэнарыст Андрэй Курэйчык, які стаў вядомы пасля экранізацыі сваіх твораў у Расеі. –Праблема ў тым, што наша студыя першапачаткова не засяроджаная на вельмі дакладны адбор сцэнарыяў і рэжысёраў”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары