Назарбаеў абвесціў надзвычайнае становішча ў Жанґаўэзене


https://youtu.be/wxsXWeZIj5E
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у сутыкненнях з паліцыяй пацярпелі ад 500 да 800 асобаў. Афіцыйныя медыі падаюць лічбу 11 загінулых. Дарогі ў горад перакрытыя, войска спрабуе ўзяць сітуацыю пад кантроль.

У горадзе ўводзіцца каменданцкая гадзіна, набылі моц абмежаванні на свабоду СМІ, забароненыя масавыя сходы.

16 снежня, на дзень 20-х угодкаў незалежнасці Казахстану, на галоўнай плошчы Жанґаўэзену (казахск. Жаңаөзен, расейск. Жанаозен) меўся адбыцца святочны канцэрт. Выглядае, гарадскія ўлады не ўлічылі, што на тым жа месцы ўжо 7 месяцаў працягваецца страйк нафтавікоў кампаніі “ОзенМунайГаз”. Пратэстоўцы спрабавалі выцінуь людзей з занятай плошчы, калі група асобаў у чорным падпаліла святочную ялінку. Дагэтуль няма дакладнай інфармацыі пра далейшыя падзеі. Паводле розных крыніцаў, праваахоўнікі ўжылі агнявую зброю, у выніку чаго загінулі людзі. Паліцыя кажа пра сваіх забітых працаўнікоў. У горадзе дагэтуль няма ні інтэрнэт-, ні сотавай сувязі.

Як паведаміў генеральны пракурор краіны АсхатДаўлбаеў на адмысловым брыфінгу, загінулі 10 чалавек, ахвярамі сталі як завадатары закалоту і мірныя грамадзяне, гэтак і паліцыянты. Паводле пракурора, пратэсты распачала “група хуліганаў”, аб пратэстоўцах-нафтавіках на брыфінгу не згадвалася. “Хуліганы” мелі халодную і агнявую зброю, падпалілі будынак кампаніі “ОзенМунайГаз”, мясцовы акімат (орган самакіравання) і некалькі гатэляў. Чыноўнік адмовіўся адказваць на пытанні журналістаў.

Міністр унутраных справаў Казахстану Калмуханбет Касымаў заяўляе, што сітуацыя стабілізавалася, а плошча ачышчаная ад пратэстоўцаў.

Апазіцыйныя медыі заяўляюць аб прынамсі 70 ахвярах. Паводле іхнай інфармацыі, паліцыя страляла без разбору: па людзях у чорным, па нафтавіках і па мірных грамадзянах.

У горадзе не хапае месцаў у шпіталях, пацярпелых вязуць у суседні горад Актаў (Ақтау).

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары