ААН зарэгістравала скаргу Кавалёвых


https://youtu.be/CfPwytkNtlM
Паводле юрыста Рамана Кісляка, які рэпрэзентуе ў Камітэце правоў чалавека пры ААН падавальнікаў скаргі, сваякі асуджанага да смяротнага пакарання вырашылі звярнуцца ў ААН, вычарпаўшы ўсе магчымасці на радзіме.

Раман Кісляк: «У беларускае прадстаўніцтва ААН накіравалі ноту пра тое, што справу зарэгістравалі. І таксама ў гэтай ноце было паведамленне, што, паводле працэдуры, Кавалёва не мусяць караць, пакуль справы не разгледзяць па сутнасці».

Маці асуджанага Любоў Кавалёва ды сястра Людміла Козяр цвердзяць, што самастойна падаць скаргу Уладзіслаў не ў стане праз супрацьдзеянне кіраўніцтва СІЗА КДБ, дзе яго трымаюць. У сваім звароце да міжнароднай інстанцыі маці ды сястра пішуць пра парушэнне прынцыпаў справядлівага судовага разгляду. Гэтак, абвінаваўчы прысуд базуецца найперш на прызнальных сведчаннях Кавалёва ў часе папярэдняга следства, ад якіх ён пазней адмовіўся, заявіўшы, што даваў іх пад прымусам.

Як мяркуе юрыст, суд у справе выбуху ў менскім метро не пакідае ўпэўненасці ў закончанасці справы. А выкананне смяротнага прысуду пры нават найменшых сумневах у вінаватасці асуджанага ёсць парушэннем права на жыццё асобы.

Тым часам другі асуджаны на смерць і галоўны, паводле афіцыйнай версіі, выканаўца тэрактаў, Дзмітрый Канавалаў, ды ягоныя сваякі працягваюць маўчаць. Прашэнне аб памілаванні ад яго не паступала, хоць учора, 16 снежня, мінуў апошні дзень, калі гэта можна было зрабіць.

Нягледзячы на незразумелую абыякавасць Канавалава да ўласнага жыцця, Раман Кісляк спадзяецца, што ёсць шанец выратаваць і яго.

“Тое, што ён не падаў прашэння аб памілаванні не азначае, што гэтае пытанне не будзе разглядацца. Па беларускім пытанні ў любым выпадку будзе прынятае рашэнне, і нават без такога прашэння Канавалаў можа быць памілаваны”, – кажа юрыст.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары