Сотні параненых і не менш за дзесяць загінулых у Казахстане


Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у сутыкненнях з паліцыяй пацярпелі ад 500 да 800 асобаў. Дарогі ў горад перакрытыя, войска спрабуе ўзяць сітуацыю пад кантроль.

16 снежня, у дзень святкавання 20 угодкаў незалежнасці Казахстану, на галоўнай плошчы Жанґаўэзену (казахск. Жаңаөзен, расейск. Жанаозен) меўся адбыцца святочны канцэрт. Выглядае, гарадскія ўлады не ўлічылі, што на тым жа месцы ўжо 7 месяцаў працягваецца страйк нафтавікоў кампаніі “Озенмунайгаз”. Пратэстоўцы спрабавалі выцесніць людзей з занятай плошчы, калі група асобаў у чорным падпаліла святочную ялінку. Дагэтуль няма дакладнай інфармацыі пра далейшыя падзеі. Паводле розных крыніцаў, праваахоўнікі ўжылі агнявую зброю, у выніку чаго загінулі людзі. Паліцыя кажа пра сваіх забітых працаўнікоў. У горадзе дагэтуль няма ні інтэрнэт-, ні сотавай сувязі.

Як паведаміў генеральны пракурор краіны Асхад Даўлбаеў на адмысловым брыфінгу, загінулі 10 чалавек, ахвярамі сталі як завадатары закалоту і мірныя грамадзяне, так і паліцыянты. Паводле пракурора, пратэсты распачала “група хуліганаў”, аб пратэстоўцах-нафтавіках на брыфінгу не згадвалася. “Хуліганы” мелі халодную і агнявую зброю, падпалілі будынак кампаніі “Озенмунайгаз”, мясцовы акімат (мясцовы орган самакіравання) і некалькі гатэляў. Чыноўнік адмовіўся адказваць на пытанні журналістаў.

Міністр унутраных справаў Казахстану Калмуханбет Касымаў заяўляе, што сітуацыя стабілізавалася, а плошча ачышчаная ад пратэстоўцаў.

Аднак апазіцыйныя медыі заяўляюць аб прынамсі 70 ахвярах. Паводле іхнай інфармацыі, паліцыя страляла без разбору: па людзях у чорным, па нафтавіках і па мірных грамадзянах.

belsat.eu

Стужка навінаў