Фільм «Даволі! Да Волі…» (глядзі онлайн!)



19 снежня, роўна праз год пасля выбараў, «Белсат» паказаў новы вялікі дакументальны фільм «Даволі! Да Волі…». Цяпер фільм можна паглядзець он-лайн. У стужцы Вячаслава Ракіцкага і Андрэя Куцілы – гісторыі беларусаў, якім надакучыла жыць у хлусні. Яны выйшлі на шлях да волі ды трапілі за краты, страцілі працу, перанеслі катаванні.

Зняважаныя нахабна скрадзенымі ў іх галасамі на выбарах прэзідэнта, дзясяткі тысяч беларусаў 19 снежня 2010 года рушылі па цэнтральным праспекце сталіцы мірнаю дэманстрацыяй пратэсту. Яны, каму надакучыла жыць у хлусні, думалі, што ідуць да Волі. Аднак на Плошчы іх сустрэла сцяна амапаўцаў з дручкамі, шчытамі, аўтазакамі. Для болей як 700 чалавек вынікам таго паходу стала збіццё, содні зняволення, штрафы. А для некалькіх дзясяткаў чалавек шлях да Волі завершыўся за кратамі на доўгія месяцы.

Драматычныя падзеі снежня 2010 года, следчая, судовая і турэмная сістэмы паказваюцца ў фільме «Даволі! Да Волі…» вачыма ўдзельнікаў таго мірнага пратэсту, якія прайшлі праз пекла турмаў. Людзі страцілі працу, вучобу, перанеслі жорсткія фізічныя і маральныя катаванні.

Новая сустрэча з імі адбылася праз год пасля тых драматычных падзеяў. І сёння героі фільму працягваюць асэнсоўваць той свой паход да Волі. Кожны мае ва ўяўленні свой вобраз сучаснай Беларусі.

Сцэнар і рэжысура Андрэя Куцілы і Вячаслава Ракіцкага. Беларусь, 2011 год.

Глядзі таксама
Каментары