Сенат ЗША прагаласаваў за “Белсат”


Амерыканскі сенат замацаваў асноўныя прыярытэты палітыкі ЗША ў дачыненні Беларусі. Адзін з іх – падтрыманне электронных сродкаў масавай інфармацыі, якія працуюць на беларускай мове, у тым ліку тэлеканалу “Белсат”.

Сенатары прагаласавалі за папраўкі да Акту аб дэмакратыі ў Беларусі 2004 года. Гэты дакумент паказвае, якімі прыярытэтамі мусяць кіравацца амерыканскія ўлады, каб падтрымліваць працэс дэмакратызацыі ў Беларусі. Новы дакумент ініцыяваў Крыстафэр Сміт (Christopher Smith) – кангрэсмен-рэспубліканец з Нью-Джэрзі. Суаўтарамі сталі шэсць рэспубліканскіх і пяць дэмакратычных кангрэсменаў.

У дакуменце гаворыцца: “На думку кангрэсу, прэзідэнт мусіць працягваць падтыманне радыё-, тэле- або інтэрнэт-трансляцыі на мовах Рэспублікі Беларусь праз радыё “Свабода”, “Голас Амерыкі”, Еўрапейскае радыё для Беларусі і “Белсат”.

Новы закон – вынік дзейнасці лабістаў у амерыканскім кангрэсе, якія займаюцца праблемамі дэмакратыі ва Усходняй Еўропе. Сярод іх – не толькі палітыкі ўсходнееўрапейскага паходжання або тыя, што маюць у сваёй выбарчай акрузе беларускія дыяспары, але і вялікая група сенатараў кубінскага паходжання, што прызналі неабходным прадэманстраваць салідарнасць з народамі, якія апынуліся ў той жа сітуацыі, што і кубінскі народ. Пра гэта распавёў Томаш Пісула, кіраўнік фонду “Свабода і дэмакратыя”, які шмат гадоў супрацоўнічае з амерыканцамі ў праектах дапамогі беларускай апазіцыі.

Дакумент, за які Палата прадстаўнікоў прагаласавала 6 ліпеня, чакае подпісу прэзідэнта.

belsat.eu

Стужка навінаў