Людзі адгукнуліся на заклік “Вясны”


На рахунак, што быў адчынены для збора грошаў у падтрымку Алеся Бяляцкага, ужо паступіла каля 70 мільёнаў рублёў.

Аб гэтам “Белсату” паведаміў юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Уладзімір Лабковіч. “Мы пакуль не можам дакладна гаворыць пра суму, бо некаторыя адпраўляюць грашовыя пераводы па пошце. Хтосьці ўжо прыносіць банкаўскія квітанцыя, а ёсць і такія, хто не хоча афішаваць сваё ахвяраванне”, — гаворыць Уладзімір Лабковіч.

Усяго праваабаронцам трэба сабраць 757 526 717 бел. руб. Менавіта у гэтую суму ацаніў суд нанесеную Алесем Бяляцкім дзяржаве шкоду. Паводле сённяшняга курсу гэта амаль 91 тыс. долараў. Праваабаронцы спадзяюцца, што да разгяду касацыйнай скаргі на прысуд, ім атрымаецца сабраць гэтыя грошы.

«Збор сродкаў не азначае, што мы прызнаём вырак суда. Алесь Бяляцкі падчас судовых паседжанняў неаднаразова падкрэсліваў, што не згодны з высунутымі супраць яго абвінавачваннямі і віны не прызнае. Гэтая акцыя – наша салідарнасць з незаконна асуджаным праваабаронцам. Мы павінны выкарыстаць усе сродкі, каб выратаваць калегу», – заявіў 15 снежня на адмысловай прэс-канферэнцыі намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі праў чалавека Алесь Бяляцкі быў асуджаны судом Кастрычніцкага раёну Менску на 4,5 гады пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Праваабаронцу абвінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры.

Калегі Алеся Бяляцкага называюць справу супраць яго палітычна матываванай. З патрабаваннем вызваліць праваабаронцу да беларускіх уладаў звяртаюцца ўплывовя міжнародныя арганізацыі і вядомыя палітыкі ўсяго свету.

Пералічваць грошы, каб пагасіць “нанесеную дзяржаве школу”, неабходна на рахунак, што адчынены на імя жонкі Алеся Бяляцкага Наталлі Пінчук.

Рэквізіты рахунку: Філіял № 529 «Белсувязь» ААТ «АСБ Беларусбанк», код банку 720
Код плацяжу 3819382100776
Р/р 01053568
Від плацяжу: ахвяраванне (альбо дабраахвотны плацёж)
Атрымальнік плацяжу: Пінчук Наталля Сяргееўна.

belsat.eu

Стужка навінаў