Генпракуратура масава праверыла лякарні


Аднаго і таго ж галоўнага доктара ў Лідзе двойчы здымалі і ўзнаўлялі на пасадзе

Як паведамілі ў Генеральнай пракуратуры, правяранне праводзіцца паводле шматлікіх скаргаў грамадзянаў. Найперш органы кантролю звяртаюць увагу на арганізацыю працы і матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне аб’ектаў сацыяльнага прызначэння, захаванне санітарна-гігіенічных патрабаванняў і мінімальных сацыяльных стандартаў пры аказанні медыцынскай дапамогі ў цэнтральных раённых бальніцах (ЦРБ). «Па выніках правярання высветлілася, што нарматывы напаўняльнасці палатаў не выконваюцца ў Верхнядзвінскай цэнтральнай раённай бальніцы. Памяшканні Мёрскай цэнтральнай раённай бальніцы не адпавядаюць сучасным патрабаванням – асобныя будынкі падлягаюць зносу, напаўняльнасць палат хворымі – 7–8 чалавек пры нарматыве не больш за 4 чалавекі», – удакладняе начальнік аддзелу інфармацыі ды сувязяў з грамадскасцю Генпракуратуры Пётр Кісялёў.

Але найбольшы розгалас мела правяранне ў Лідскай ЦРБ. Пры наяўнасці вольных месцаў у платных палатах пацыентаў размяшчалі ў калідоры. У саміх палатах былі гнілыя вокны, столі працякалі і цвілі ад грыбка. У кардыялагічным аддзяленні замест 5 пацыентаў у палаце ляжалі па 11 чалавек. Адразу пасля гэтага галоўнага доктара Алега Ціса знялі з пасады, аднак на асабістае рашэнне губернатара вобласці Сямёна Шапіры яго ўзнавілі на пяты дзень пасля звальнення. Генпракуратура падала звесткі пра сітуацыю ў лідскай лякарні ў Адміністрацыю прэзідэнта. У прыёмнай галоўнага доктара ЦРБ «Белсату» паведамілі, што працоўная дамова з Алегам Цісам разарваная, ягонае месца цяпер займае былая намесніца Алена Азарко.

belsat.eu

Стужка навінаў