Лукашэнка штодня думае пра Канавалава і Кавалёва


Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю галоўнаму рэдактару радыёстанцыі «Русская служба новостей» Сяргею Дарэнка.

«Самая страшная функцыя – гэта калі ты падпісваеш указ, дзе чалавека нельга памілаваць, – заявіў Лукашэнка. – Асабліва ў Беларусі, бо ў нас ёсць пажыццёвае зняволенне і выключная мера пакарання. І калі ёсць хоць найменшы сумнеў, хоць ледзь-ледзь… Хоць пажыццёвае зняволенне, як шмат хто кажа, страшнейшае за смяротнае пакаранне, бо чалавек у клетцы сядзіць, груба кажучы. Але, тым не менш, раптам ты памыліўся і ўзяў на сябе?» – сумняецца беларускі лідар.

Паводле Лукашэнкі, ён прыме рашэнне пра тое, ці памілаваць Канавалава і Кавалёва, калі яму перададуць усе неабходныя дакументы. Пры гэтым ён адзначыў, што спачатку ўсе дакументы праходзяць праз адмысловую камісію ў справах памілавання пры прэзідэнце.

У той жа час беларускі кіраўнік лічыць недапушчальным, што хтосьці выкарыстоўвае гэтую сітуацыю ў палітычных мэтах.

«Вось я думаю: добра, але калі ўгода (вы – улада, я – злачынец), калі ёсць угода, дык я ж вам штосьці павінен паабяцаць. Ну калі чалавеку смяротнае пакаранне даюць, за што ж ён будзе «адмазваць», груба кажучы, гэтую ўладу? Па-другое, я ўсё роўна шукаю варыянты, каб выкрыць гэтых нягоднікаў, якія сёння спрабуюць такім чынам заяўляць. Ну а па-трэцяе, уявіце: для чаго ўладам гэта трэба было? Заўсёды матывацыя павінна быць. «А каб там адцягнуць грамадскую увагу». Ад чаго? Дык што, для таго каб выратаваць, дапусцім, ложак, трэба было спаліць увесь дом?» – задаў рытарычнае пытанне кіраўнік краіны.

Лукашэнка сцвярджае, што кантраляваў ход расследавання «кожны дзень, кожную гадзіну следства». Галоўным для яго было, каб следства адпрацавала ўсе версіі.

«Калі мне далажылі пра тое, што знайшлі гэтых людзей, я дзесяць разоў перачытаў гэтае паведамленне, адклаў у бок: «Добра, затрымалі». А ў нас жа былі і іншыя версіі. Я кажу: адпрацоўваеце іншыя версіі. А раптам гэта не так? Таму следчыя, група ўзялася за гэтую асноўную версію, спачатку іх дапытваць. Але я раздзіраў следства, каб яны іншыя версіі разглядалі. Ну а раптам… Бо гэта неверагодна для Беларусі было. І вось усюды мне ўвесь час дакладвалі адно: «Я хацеў дэстабілізаваць абстаноўку», – ён кажа. Другі – той адразу павіс, бо разумеў, куды ўляпаўся. Так, мусіць, абодва разумелі і да гэтага. Але той яшчэ на штосьці, мабыць, спадзяваўся, а гэты для сябе адразу вырашыў, што яго ніхто не пашкадуе, што будзе першым чалавекам у Беларусі, які гэта здзейсніў. Пры чым тут улада?» – яшчэ раз запытаў Лукашэнка.

30 лістапада Вярхоўны суд Беларусі прызнаў 25-гадовых Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва вінаватымі паводле справы аб тэракце ў менскім метро і прысудзіў абодвух да смяротнага пакарання. На сённяшні момант вядома, што Кавалёў падаў хадайніцтва аб памілаванні на імя прэзідэнта.

belsat.eu

Стужка навінаў