Па неафіцыйных звестках, Аўтуховіч здзейсніў спробу суіцыду


Пра гэта праваабаронцам паведаміў адзін са зняволеных калоніі. Паводле яго, інцыдэнт адбыўся ў калоніі ўвечары 15 снежня.

«Ён паспеў сказаць, што з Аўтуховічам усё вельмі дрэнна і жахліва, што ён парэзаў сабе вены. Пасля гэтага сувязь з гэтым чалавекам абарвалася, таму мы не ведаем, з якой прычыны Аўтуховіч гэта зрабіў. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, што адміністрацыя калоніі аказвае на яго ціск», – заявіў праваабаронца Алег Волчак.

Дырэктар праваабарончай інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» Андрэй Бандарэнка таксама паведаміў, што атрымаў з калоніі інфармацыю пра спробу самазабойства Аўтуховіча. «Для аказання медычнай дапамогі яго вывозілі ў гарадскую лякарню. Цяпер яму прызначаныя перавязкі, ён пачаў прымаць ежу і просіць перадаць яму літаратуру», – сказаў Бандарэнка.

У Івацэвіцкай калоніі № 5 адмаўляюцца каментаваць гэтую інфармацыю.

У снежні Мікалая Аўтуховіча ў калоніі перавялі ў памяшканне камернага тыпу тэрмінам на месяц. Прычыны не вядомыя, але, як лічаць праваабаронцы, «гэты факт неабходна разглядаць як працяг пастаяннага ціску на Аўтуховіча з боку адміністрацыі за ягоную нязменную прынцыповую пазіцыю».

15 снежня Алег Волчак і старшыня аргкамітэту стварэння ГА «Абаронцы Айчыны» Аляксандр Камароўскі (абодва – ветэраны вайны ў Афганістане) падалі на імя генпракурора заяву, у якой гаворыцца, што ў калоніі № 5 у Івацэвічах парушаюцца правы ветэрана баявых дзеянняў у Афганістане Мікалая Аўтуховіча.

Паводле Волчака, Аўтуховічу па прыбыцці ў калонію кіраўніцтва настойліва прапаноўвала падпісаць абавязацельства аб супрацы з адміністрацыяй калоніі, дзе ён прызнае сваю віну і паведамляе, што стаў на шлях выпраўлення. «Аўтуховіч жа не прызнае сябе вінаватым і лічыць, што асуджаны паводле сфальсіфікаванай крымінальнай справы за тое, што на пачатку студзеня 2009 года звярнуўся з патрабаваннем да Лукашэнкі, каб ён вярнуў ільготы ветэранам баявых дзеянняў, якія той сваім указам адмяніў», – заявіў Воўчак.

У траўні 2010 г. ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч рашэннем Вярхоўнага суда быў прыгавораны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму за транспартаванне і захоўванне пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі.

Варта адзначыць, што з моманту пазбаўлення адваката Паўла Сапелкі права займацца прафесійнаю дзейнасцю сёлета ў сакавіку Аўтуховіч застаецца без адваката.

Праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала Аўтуховіча вязнем сумлення.

belsat.eu

Стужка навінаў