Кавалёвы падалі скаргу ў Камітэт правоў чалавека ААН


Маці і сястра прысуджанага да смяротнага пакарання ў справе тэракту ў менскім метро Уладзіслава Кавалёва накіравалі ў Камітэт індывідуальнае паведамленне аб парушэнні права на жыццё.

Як заявіў юрыст Раман Кісляк, які рэпрэзентуе ў Камітэце правоў чалавека ААН аўтараў скаргі, маці асуджанага Любоў Кавалёва і ягоная родная сястра Таццяна Казяр паведамляюць, што сам Уладзіслаў Кавалёў не можа падаць скаргі, бо кіраўніцтва СІЗА КДБ, дзе ён утрымліваецца, не дае яму магчымасці пісаць лісты, спрабуючы, як лічаць жанчыны, перашкодзіць яму падаць скаргу.

У індывідуальным паведамленні ў незалежны міжнародны орган следства маці і сястра Кавалёва пішуць пра парушэнні прынцыпаў справядлівага судовага разгляду. Гэтак, суд паклаў у аснову абвінаваўчага выраку прызнальныя сведчанні Кавалёва падчас папярэдняга следства, нягледзячы на тое, што яны, як лічаць заяўнікі скаргі, былі здабытыя ў выніку прымусу.

На працэсе Кавалёў ад гэтых сведчанняў адмовіўся, заявіўшы, што невінаваты і што агаварыў сябе і Дзмітрыя Канавалава.

Суд здавальняў усе хадайніцтвы абвінавачання, затое большасць хадайніцтваў абароны суд адхіліў. Гэты факт сведчыць пра няроўнасць бакоў у працэсе, пішуць родныя Кавалёва. Паводле меркавання маці і сястры, суд пры разглядзе крымінальнай справы не адпавядаў крытэру незалежнасці ды бесстароннасці, акрамя таго, яны ўважаюць, што на суд ціснулі.

“Я лічу, што дзяржава парушае права Кавалёва на абскарджванне асуджэння і прыгавору ў вышэйшую інстанцыю, якое прадугледжваецца пунктам 5 артыкулу 14 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах”, – пракаментаваў сітуацыю Кісляк.

“У адпаведнасці з міжнароднымі забавязаннямі Рэспублікі Беларусь, да смяротнага пакарання чалавек можа быць асуджаны толькі ў выніку працэсу, на якім выконваліся ўсе самыя мінімальныя абавязковыя прынцыпы справядлівага суда, – заявіў юрыст. – Пакаранне смерцю пасля такога працэсу, які не адказваў такім патрабаванням, расцэньваецца як самавольнае пазбаўленне жыцця і парушэнне забавязанняў дзяржавы перад чалавекам. Падставаў, выкладзеных у скарзе, дастаткова для рэгістрацыі паведамлення, і я спадзяюся, што паведамленне зарэгіструюць”.

7 снежня Уладзіслаў Кавалёў падаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

30 лістапада Вярхоўны Суд прыгаварыў Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва да смяротнай кары без канфіскацыі маёмасці. Кавалёў прызнаны вінаватым у злосным і асабліва злосным хуліганстве, наўмысным знішчэнні маёмасці, незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы выбуховых рэчываў і выбуховых прыладаў, у неданясенні пра рыхтаванне асабліва цяжкага злачынства, пра ўчыненне асабліва цяжкага злачынства і пра асобу, якая яго ўчыніла, пра месца яе перабывання, а таксама ў спрыянні тэрарызму.

belsat.eu

Стужка навінаў