Статкевіча і Рымашэўскага чакаюць у ЦВК


Цэнтрвыбаркам вызначыцца адносна санкцыяў у дачыненні Рымашэўскага і Статкевіча 30 лістапада. Дэмакратычных кандыдатаў вінавацяць у парушэнні выбарчага заканадаўства і арганізацыі несанкцыянаванай вулічнай акцыі 24 лістапада.

Як паведаміў “Белсату” Мікалай Статкевіч, прысутнічаць на паседжанні ЦВК ён не збіраецца. Замест кандыдата на сустрэчу з Ярмошынай пойдзе ягоная давераная асоба Сяргей Скрабец.

Сам Статкевіч упэўнены, што паседжанне Цэнтрвыбаркаму прызначылі на гэтую дату не выпадкова. “30 лістапада мой чарговы выступ у медыях. Я ўжо гаварыў, што ён будзе прысвечаны карупцыі. Калі мяне пазбавяць рэгістрацыі, гэта стане сведчаннем таго, што Лукашэнка вельмі баіцца таго, што я скажу выбарнікам”, – адзначыў Статкевіч.

Лідар сацыял-дэмакратаў дадаў таксама, што будзе і далей сустракацца з выбарнікамі ды заклікаць народ да пратэсту. “А якія супраць мяне ўжывуць санкцыі, хай думае Лукашэнка. Удзельнічаць у гэтым балагане, які называецца паседжанне ЦВК, я не збіраюся”, – падкрэсліў Мікола Статкевіч.

Віталь Рымашэўскі яшчэ падчас учорашняй акцыі заявіў, што не баіцца санкцыяў ЦВК.

“Для мяне падтрыманне простых беларусаў нашмат даражэйшае, чым пасведчанне кандыдата”, – заявіў сустаршыня БХД, выступаючы на імправізаваным мітынгу на плошчы Незалежнасці.

Акцыя 24 лістапада была прымеркаваная да 14-й гадавіны канстытуцыйнага рэферэндуму і праходзіла пад лозунгам “Лукашэнка, сыходзь!”. Імпрэза праходзіла ў фармаце сустрэчы кандыдатаў з выбарнікамі. Кандыдаты на прэзідэнта Віталь Рымашэўскі ды Мікалай Статкевіч напярэдадні акцыі атрымалі папярэджанні ад Генеральнай пракуратуры за тое, што падчас сваіх тэлевыступаў заклікалі грамадзянаў прыйсці ў гэты дзень на Кастрычніцкую плошчу.

belsat.eu

Стужка навінаў