Андрэй Суздальцаў у «Гарачым каментары»


У жывой трансляцыі галоўных тэлеканалаў і радыёстанцыяў былы прэзідэнт і кандыдат на прэзідэнта Расеі Уладзімір Пуцін пацвердзіў, што стварэнне Еўразійскага саюзу і выхад на адзіную валюту з постсавецкімі краінамі, якія маюць увайсці ў новы саюз, – не проста перадвыбарчыя абяцанні расейцам, а рэальны план. І Беларусь у гэтым плане – першая фігурантка.

“Спачатку – старт адзінай эканамічнай прасторы. На чарзе – стварэнне Еўразійскага саюзу і выхад на адзіную валюту”. Калі Уладзімір Пуцін – найбольш уплывовы палітык усходняй суседкі – распавядаў журналістам пра планы, датычныя ў тым ліку і Беларусі, на Захадзе – у Страсбуры, Беларусь абмяркоўвалі не ў кантэксце Расеі – а як асобную краіну, якая, на меркаванне ўдзельнікаў паседжання палітычнага камітэту Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, “свядома паварочваецца спінаю да Еўропы і яе каштоўнасцяў”.

Паводле палітолага, трэба не забывацца пра набліжэнне прэзідэнцкіх выбараў у Расеі. Уладзімір Пуцін уваходзіць у перадвыбарчую гонку з моцна паніжаным рэйтынгам.

“Таму ён намагаецца ў сваім стылі адказваць на ўсе актуальныя і цяжкія пытанні. Гэтак ён хоча паказаць расейцам, што ён эфектыўны палітык, бачыць праблемы, якія стаяць перад краінаю і гатовы іх вырашаць. Расея мае свае геапалітычныя задачы, зыходзячы з якіх яна і фармуе свой інтэграцыйны блок”, – кажа палітолаг Андрэй Суздальцаў.

Як мяркуе эксперт, Беларусь з уваходам у новы саюз развязвае свае кароткатэрміновыя праблемы. Доўгатэрміновага ж плану дзеянняў у Лукашэнкі няма, таму ён пагаджаецца на тое, што выгадна ў сённяшняй сітуацыі.

“Таму атрымліваецца такая Чэчня – якая ўсім карыстаецца і нічога не плаціць. Лукашэнка ўсё разумее, бо калі насамрэч выконваць усе абавязкі адзінай эканамічнай прасторы, то адзін не пратрымаецца – давядзецца праводзіць рэформы, а ў выніку будзе мяняцца і палітычная сістэма ўлады”, – кажа палітолаг.

belsat.eu

Стужка навінаў