БПЦ: Царква не мусіць патрабаваць адмены смяротнага пакарання


Беларуская праваслаўная царква не знайшла ў царкоўным веравучэнні “вычарпальных звестак”, якія б рабілі хрысціянскае стаўленне да праблемы смяротнай кары адназначным. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на афіцыйным сайце БПЦ.

Як адзначае прэс-служба Беларускай праваслаўнай царквы, гэты каментар зроблены ў сувязі з тым, што “цяпер на адрас Менскага епархіяльнага ўпраўлення прыходзяць лісты з пытаннямі адносна праблемы пакарання смерцю і хрысціянскага стаўлення да яе”.

“Пад уплывам менавіта евангельскага вучэння адбываюцца змены ў грамадскай свядомасці. Мэтазгоднасць смяротнага пакарання ставіцца пад сумнеў, ды ініцыюецца дыскусія дзеля яе адмены, – гаворыцца ў каментары. – На Архірэйскім саборы ў 2000 г. былі прынятыя Асновы сацыяльнай канцэпцыі Рускай праваслаўнай царквы, у якіх, сярод іншага, заяўляецца пра пажаданую адмову ад смяротнага пакарання. Такі падыход выключае непапраўную памылку правасуддзя і дае больш магчымасцяў дзеля пастырскага апекавання злачынцамі”.

У той жа час, адзначаецца ў паведамленні, царква “не мусіць катэгарычна патрабаваць адмены смяротнай кары – пагатоў у грамадстве, якое пераважна гэтак рашуча на ёй настойвае”.

Як лічыць БПЦ, “адмова ад здзяйснення смяротнага пакарання мусіць быць вынікам усведамлення грамадствам неабходнасці духоўна-маральнага ўдасканалення”.

Прэс-служба БПЦ таксама прыводзіць вытрымку з Асноваў сацыяльнай канцэпцыі Рускай праваслаўнай царквы, дзе сказана: “Адмысловая кара – смяротнае пакаранне – прызнавалася ў Старым Запавеце. Спасылак на неабходнасць яе скасавання няма ні ў Святым Пісьме Новага Запавету, ні ў традыцыі ды гістарычнай спадчыне Праваслаўнай царквы”.

У той жа час там адзначаецца: адмена смяротнага пакарання дае “больш магчымасцяў дзеля пастырскай працы з тым, хто спатыкнуўся, і дзеля ягонага ўласнага пакаяння”.

Беларусь застаецца адзінаю краінаю ў Еўропе, дзе дагэтуль ужываецца смяротная кара. 30 лістапада Вярхоўны Суд Беларусі вынес чарговы смяротны прысуд – для абвінавачаных у здзяйсненні тэракту ў менскім метро.

2 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што рашэнне пра магчымае памілаванне асуджаных прыме ў найбліжэйшы час. “Я мушу падпісаць указ і пацвердзіць рашэнне суда – або, калі звярнуліся за памілаваннем, я мушу разгледзець гэтыя дакументы. Гэта самае цяжкае, што можа быць у працы прэзідэнта”, – сказаў тады кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік Рымска-каталіцкага касцёлу ў Беларусі мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч на пачатку снежня звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбаю ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне.

“Ніякі тэрарыстычны акт, – сказаў Кандрусевіч, – не можа быць апраўданы, і злачынцы мусяць панесці справядлівае пакаранне. Паводле вучэння Каталіцкага касцёлу, якое на гэтую тэму вельмі шырока пададзенае ў Катэхізісе, абарона ўсеагульнага дабра патрабуе, каб злачынец быў пазбаўлены магчымасці чыніць зло…

Калі дакладная вызначаныя асоба і адказнасць злачынцы, то традыцыйнае вучэнне Касцёлу не выключае смяротнага пакарання. Але толькі тады, – падкрэсліў мітрапаліт, – калі гэта адзіна магчымы спосаб абараніць чалавечае жыццё ад несправядлівага агрэсара. У той жа час Касцёл заклікае да бяскроўных метадаў пакарання злачынцаў, бо яны найбольш адпавядаюць канкрэтным прынцыпам агульнага дабра і годнасці чалавечай асобы”, – сказаў каталіцкі святар.

belsat.eu

Стужка навінаў