Для каго плануецца амністыя капіталу?


https://youtu.be/UauqqKAUaE8
У Беларусі на дзяржаўным узроўні разглядаецца магчымасць правядзення амністыі капіталу. Пра гэта на пасяджэнні круглага стала 14 снежня ў Менску заявіў намеснік дырэктара цэнтру абароны правоў уласнасці Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Ігар Леднік.

Паводле яго, яшчэ ў верасні старшыня Праўлення Нацбанку Надзея Ермакова звярнулася з лістом да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча наконт неабходнасці правесці амністыю капіталу ў звязку з фінансава-эканамічнаю сітуацыяй у краіне.

Як адзначыў Леднік, бізнес падрыхтаваў свае прапановы для правядзення амністыі капіталу спецыяльна да пасяджэння, якое прайшло ў Нацбанку напрыканцы лістапада. «Аднак пасяджэнне прайшло ў закрытым рэжыме без удзелу прадстаўнікоў бізнес-супольнасці», – падкрэсліў ён.

Разам з тым прадстаўнік Канфедэрацыі прадпрымальніцтва дадаў, што, паводле інфармацыі крыніцаў з органаў дзяржаўнага кіравання, «папярэдне прынятае рашэнне правесці амністыю капіталу». Паводле Ігара Ледніка, бізнес разглядае гэта найперш як інструмент для павышэння эканамічнай бяспекі краіны.

Беларусь пакуль не гатовая да правядзення паўнавартаснай амністыі капіталу – мяркуе прававы аналітык дыскусійна-аналітычнай супольнасці «Ліберальны клуб» Мікіта Бяляеў. На думку эксперта, падчас яе правядзення ў Беларусі ўладам трэба найперш зразумець мэты амністыі ды разабрацца ў прычынах, якія выклікалі адток капіталу з краіны – «чаму бізнес сышоў».

Эксперт упэўнены: амністыя капіталу – эфектыўны крок, аднак для яе выкарыстання трэба правесці «поўны комплекс прававых рэформаў, змяніць падатковае заканадаўства, якія існуюць адносіны ў кантрольнай дзейнасці, перагледзець шэраг пытанняў, якія тычацца абароны ўласнасці». «Толькі пасля гэтага на аснове новай базы можна правесці поўную эфектыўную амністыю капіталу, у выніку якой мы атрымаем прыток капіталу, прыбытак і сучаснае змененае заканадаўства», – зазначыў Бяляеў.

Эксперт «Ліберальнага клубу» ў эканамічных пытаннях Антон Болтачка падчас круглага стала распавёў, што беларусы часта блытаюцца ў мэтах амністыі капіталу. Паводле яго, шмат хто ўпэўнены, што ў выніку яе правядзення сродкі прыйдуць у рэзервовыя фонды краіны, насамрэч грошы павінны быць прыцягнутыя ў рэальны сектар эканомікі, «каб рухавік эканомікі запрацаваў і пачаў ствараць даданую вартасць».

«Амністыя праходзіла ў шмат якіх краінах У некаторых штатах ЗША гэта нават пастаўлена на паток. А амністыя ў Італіі прывяла да адтоку сродкаў са швейцарскіх банкаў. Мы можам выкарыстоўваць іх досвед, каб на яго аснове сфармуляваць варыянт амністыі капіталу для Беларусі», – мяркуе Болтачка.

Амністыя капіталу дазволіць грамадзянам легалізаваць грашовыя сродкі, у тым ліку тыя, што захоўваюцца на рахунках за мяжою. Фактычна гэта дазволіць «падпольным мільянерам» укладваць свае грошы ў эканоміку Беларусі: набываць прадпрыемствы, скіроўваць сродкі на развіццё ўласнага бізнесу.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары