Пуцін прапанаваў усталяваць на выбарчых участках ўэб-камеры


Такую ідэю расейскі прэм’ер-міністр агучыў, калі адказваў на пытанні ў простым эфіры аднаго з афіцыйных тэлеканалаў. Галоўнаю тэмаю было абвінавачванне з боку апазіцыі ў фальсіфікацыі вынікаў парламенцкіх выбараў.

Уладзімір Пуцін заявіў, што вынік выбараў у Дзяржаўную Думу «адлюстроўвае рэальны расклад сілаў у краіне», а белыя стужкі як сімвал пратэсту параўнаў з прэзерватывамі.

Паводле расейскага прэм’ера, у любой краіне апазіцыя заўсёды сцвярджае, што выбары былі нядобрасумленныя. А вось у якой форме гэта выяўляецца – «пытанне палітычнай культуры». Ён дадаў, што не супраць пратэстаў у рамках закону.

На пытанне вядоўцы пра фальсіфікацыі Пуцін пазбег простага адказу. На прэзідэнцкіх выбарах у сакавіку ён прапанаваў усталяваць на ўсіх выбарчых участках ўэб-камеры, каб «зняць начыста ўсякія фальсіфікацыі на гэты конт». Апазіцыя ж сцвярджае, што вялікая частка падтасовак адбывалася не на ўчастках каля скрыняў, а на стадыі перадачы і сумавання выніковых пратаколаў.

Пуцін заявіў, што белыя стужкі як сімвал пратэсту – гэта «напрацаваная схема дэстабілізацыі грамадства». Прэм’ер прыгадаў у гэтай сувязі Аранжавую рэвалюцыю ва Украіне. На заклік у інтэрнэце шматлікія ўдзельнікі мітынгаў пратэсту 10 снежня павязалі белыя стужкі або прынеслі белыя кветкі.

«Я калі ўбачыў на экране нешта такое ў некаторых вось тут вось на грудзях, шчыра вам скажу – непрыстойна, але тым не менш – я вырашыў, што гэта прапаганда барацьбы са СНІДам, што гэта такія, пардон, кантрацэптывы павесілі. Думаю, навошта разгарнулі толькі не зразумела. Але потым прыгледзеўся – здаецца няма», – заявіў Пуцін.

belsat.eu

Стужка навінаў