Зрабі гэтак: Кантрактам – супраць палення


«У 50 % выпадкаў дзеці пачынаюць паліць або спрабаваць першы раз паліць у 10–14 гадоў, у звязку з гэтым наш гарадскі Цэнтр здароўя разам з наркалагічным дыспансерам Менску стварыў праект «Мы не палім – далучайся!», – распавядае лекарка Настасся Косава. – З дзецьмі займаюцца лекары-псіхолагі ды нарколагі, настаўнікі са школаў: біёлагі, хімікі, настаўнікі фізкультуры».

З падлеткамі падпісваецца адмысловы кантракт, паводле якога тыя, хто не паліць, атрымліваюць зніжкі на білеты ў кіно, трэнажорныя залы, на спартовыя пляцоўкі. Такая сістэма тры гады працуе ў школах Берасця, Пінску і Барысава.

Настасся Косава падкрэслівае, што важна, каб дзецям не проста забаранялі паліць, але і тлумачылі, чаму гэта шкодна. «Тады, калі ім прапаноўваюць запаліць або пакаштаваць псіхаактыўныя рэчывы, яны здольныя сказаць «не». Не таму, што хтосьці сказаў, што гэта шкодна, а таму, што яны ведаюць усю інфармацыю, і таму, што гэта іхная жыццёвая пазіцыя», – гаворыць лекарка.

Паводле звестак лекараў, каля 30 % насельніцтва Беларусі паляць. Ва ўзросце 16–29 гадоў гэтая лічба сягае 42 %, ва ўзросце 30–49 гадоў – каля 40 %.

belsat.eu

Стужка навінаў