Аляксандр Ярашук: Беларусь можа страціць мільён чалавек


Гэтаму паспрыяе Адзіная эканамічная прастора з Расеяй ды Казахстанам.

Пра адток працоўнай сілы распавёў Аляксандр Ярашук, якога паўторна абралі старшынём Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).

“Мы, вядома, вельмі заклапочаныя ў сувязі з гэтаю праблемаю. Нашыя арганізацыі дзеяць на стратэгічных прадпрыемствах краіны – у нафтаперапрацоўцы, энергетыцы, і мы бачым на іх прыкладзе, што сёння ў тых, хто там працуе, з’явілася вельмі моцная матывацыя, каб ехаць на працу ў Расею. Калі ў нас сярэдняя зарплата не перавышае 250 долараў, то ў Расеі дасягае 800, а ў названых галінах розніца яшчэ больш адчувальная. І ніякія адміністрацыйныя перашкоды не забароняць натуральнага жадання спецыялістаў паехаць туды, дзе больш плацяць, бо людзям трэба карміць свае сем’і”.

Паводле Ярашука, у блізкай перспектыве міграцыйная плынь – найперш у Расею – можа дасягнуць мільёна чалавек, “найбольш маладых, перспектыўных, найбольш кваліфікаваных – тых, хто вельмі патрэбны эканоміцы Беларусі”.

“З нашага гледзішча, неабходна распачынаць лібералізацыю эканомікі, – перакананы кіраўнік БКДП, – зрабіць гэтак, каб яна станавілася канкурэнтаздольная, каб праз два-тры гады ў нас з’явіліся перадумовы для павышэння зарплаты на такі ўзровень, якога сёння дасягнулі ў Расеі.

“Скажу больш, мы падпісалі з Расеяй ды Казахстанам дакументы аб стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы, і ў якасці адной з асноўных умоваў яна прадугледжвае свабоднае перамяшчэнне працоўных рэсурсаў. Такім чынам, з прычыны гэтых абавязкаў тым больш цяжка будзе рэагаваць на гэтую праблему нейкімі пазаэканамічнымі метадамі”.

Наводле меркавання Ярашука, урад пакуль не прапаноўваў адэкватных захадаў яе вырашэння. Ён не выключыў, што БКДП будзе падпісваць асобнае пагадненне з найбуйнейшымі расейскімі прафцэнтрамі ў частцы працоўнай міграцыі.

14 снежня ў Менску праходзіў справаздачна-выбарчы з’езд БКДП.

belsat.eu

Стужка навінаў