Валянціна Мурына ў “Гарачым каментары”


Што зрабіць, каб беларусы перасталі піць?

Зрабіць алкагольную прадукцыю меней даступнаю для насельніцтва і падрыхтаваць грамадскасць да гэтага ўжо цяпер прапаноўвае Генеральная пракуратура Беларусі. Расце залежнасць беларусаў ад алкаголю, і расце колькасць злачынстваў, здзейсненых пад яго ўздзеяннем. Але ці забарона ўжываць не дасць адваротнага выніку?

Увагу на праблему п’янства звяртае таксама і Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, бо ажно 76 адсоткаў загінулых сёлета ў пажарах былі нецвярозыя. Прапанова МНС да Менгарвыканкаму – забараніць продаж у Менску пладова-ягадных і вінных напояў. У шэрагу раёнаў менскае, гарадзенскае і берасцейскае вобласцяў забарона ці абмежаванне продажу нізкаякаснага алкаголю ўжо ўвялі. І яшчэ: дзеюць савецкія супрацьалкагольныя праграмы – Дні цвярозасці. Той, што адбыўся ўчора ў Менску, меў назву “АлкаБоль”.

Паводле доктара-нарколага Валянціны Мурынай, даступнасць алкаголю – адзін з важных фактараў, які ўплывае на першаснае захворванне і на рэцыдывы хваробы. Яна нагадвае пра вынікі шматлікіх даследаванняў, якія праводзіліся шмат у якіх краінах свету: нізкія кошты на моцныя напоі спрыяюць алкагалізацыі насельніцтва. “У нас прасцей набыць бутэльку піва, чым абанемент у спартовую залу”, – гаворыць яна.

Суразмоўца пагаджаецца з прапановамі Генпракуратуры, але ўпэўненая, што гэтага недастаткова: “Патрэбная сацыяльная рэклама, забарона рэкламы алкаголю, больш жорсткія пакаранні за незаконны выраб і гандаль спіртовымі напоямі”. Вялікае значэнне мае і культура ўжывання, паколькі даведзена, што дзеці з сем’яў, якія яго ўвогуле не ўжываюць, не застрахаваныя ад алкагалізму.

belsat.eu

Стужка навінаў