Апытанне: Ці давяраеце вы дзяржаўным тэлеканалам?


Карэспандэнты “Белсату” распыталі жыхароў сталіцы, ці глядзяць яны афіцыйнае тэлебачанне і ці давяраюць яму.

“Вы ведаеце, я чэрпаю інфармацыю з іншых крыніцаў. Ну, напэўна, не давяраю. Бо яна [інфармацыя], нават на такі погляд, на мой, дылетанцкі, яна вельмі недакладная і ад яе крышачку карабаціць – непрыемна яе слухаць. Не таму, што я не разбіраюся і не хачу разбірацца ў палітыцы, але адчуваю, што мяне не тое што падманваюць, мне проста непрыемна. І калі ўвогуле гэта [апытанне] будзе транслявацца, хочацца сказаць, што гідка яе слухаць!” – не хавала эмоцыяў спадарыня.

“Я не маю асаблівага даверу да беларускага тэлебачання, я яго проста не гляджу, шчыра кажучы. І расейскае таксама не гляджу, за выключэннем забаўляльных і культурных праграмаў. Бо я веру больш інтэрнэт-СМІ”, – адзначыў спадар.

Паводле наступнага апытанага, дзяржаўнае тэлебачанне часам дае аднабаковае адлюстраванне сітуацыі, падзеяў. “Дзеля таго, каб разважаць пра нейкія з’явы, трэба рознабакова [асвятляць], у нас, я лічу, аднабакова”, – зазначыў ён.

“Цяжка сказаць, проста гляджу пераважна іх, – разгубілася спачатку спадарыня. – Давяраю, так”.

Хлопец з дзяўчынаю распавялі, што на БТ і “Ладзе” глядзяць толькі футбол. “А шмат што, што паказваюць на астатніх нашых каналах, вельмі разыходзіцца з рэчаіснасцю. Таму вельмі складана давяраць”, – удакладніў хлопец.

“Ну, правакацыйнае пытанне, хлопцы! – рассмяялася спадарыня. – Канечне, не давяраю. Выключаю – і ўсё”.

“Навіны на беларускім тэлебачанні падаюцца аднабока”, – мяркуе апошні апытаны.

belsat.eu

Стужка навінаў