Чыноўнікі лічаць прымусовую працу эфектыўнаю


Паводле афіцыйных звестак, сёлета працаўладкавалі 99,5 % бацькоў, якіх пазбавілі правоў на дзяцей.

Паводле дэкрэту № 18 ад 24 лістапада 2006 г., пад абавязковае працаўладкаванне падпадаюць бацькі, якія вядуць амаральны лад жыцця і дрэнна клапоцяцца пра дзяцей. У такім выпадку нядбайныя бацькі, калі яны здаровыя і дзеяздольныя, абавязаныя кампенсаваць выдаткі дзяржавы на ўтрыманне дзяцей у інтэрнатах.

Сёлета ў краіне працаўладкавалі амаль 5 тысяч такіх бацькоў, або 99,5 % ад усіх, хто стаяць на ўліку. Кансультант кіраўніцтва палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Жанна Шчамялёва адзначыла, што на сямі тысячах прадпрыемстваў і арганізацыяў рэспублікі рэзервуюць працоўныя месцы для нядбайных бацькоў.

“Дзяржслужба занятасці стараецца накіроўваць такіх грамадзянаў на працоўныя месцы, дзе ўзровень аплаты дазваляе ім кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне дзяцей (штомесяц ад заробку вылічаецца 70 %. – “Белсат”), – падкрэсліла чыноўніца. – Аднак некаторыя маюць вялікую запазычанасць перад дзяржаваю, а іхная нізкая кваліфікацыя не дазваляе атрымаць высокааплатную працу. Самыя распаўсюджаныя вакансіі – дворнік, прыбіральнік”.

Улады не хаваюць, што шмат хто з бацькоў сістэматычна прагульвае. «З такімі праводзіцца выхаваўчая праца, – паведаміў участковы міліцыянт Заводскага РАУСу Валер Васілеўскі. – Супольна з цэнтрам занятасці ды наймальнікамі мы выязджаем на месцы жыхарства да абавязаных асобаў, даведваемся, з якой прычыне чалавек не выходзіць, дастаўляем на працу прымусова, праводзім прафілактычныя гутаркі. Некаторыя прымаюць гэта да ведама і болей не дапускаюць прагулаў. Іншыя не хочуць прыслухоўвацца да парадаў і сістэматычна парушаюць дысцыпліну. У такім выпадку на рашэнне суда прагульшчыка адпраўляюць у лячэбна-працоўны прафілакторый закрытага тыпу».

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары