«Апантаныя» – новы цыкл рэпартажаў пра грамадзянскую супольнасць у Беларусі на «Белсаце»


«Белсат» распачаў новы цыкл рэпартажаў «Апантаныя». Штосераду а 20:45 за восем рэпартажаў маладыя аўтары беларус Васіль Лепеш і полька Магда Пытлякоўская пакажуць восем розных арганізацыяў і асобаў, восем відаў грамадскай дзейнасці, восем розных ініцыятываў, актыўнасцяў. Сярод герояў цыклу як вядомыя грамадскія арганізацыі, гэтак і прыватныя асобы, якія маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Аб’ядноўвае іх апантанасць сваёй дзейнасцю. 7 снежня адбылася прэм’ера першага рэпартажу пра віцебскую ініцыятыву «Наш дом». Другое выданне, у сераду 14 снежня, пакажа феномен вулічнага мастацтва. Раней Васіль і Магда зрэалізавалі ў супрацы з першым незалежным тэлеканалам цыкл праграмаў «Аўтастопам праз Еўропу», у якім гледачы падарожнічалі разам з беларускім студэнтам з Менску па еўрапейскіх сталіцах, паўсюль сустракаючыся з асобамі, якія цікавяцца Беларуссю.

З аўтарамі «Апантаных» размаўляе Сяргей Пеляса, рэдактар праграмнага сакратарыяту «Белсату».

Адкуль узялася ідэя «Апантаных»?

Ідэя цыклу ўзнікла ўжо даўно. Мы ўвесь час чулі, што беларусы – гэта малаактыўны, пасіўны народ, але мы з гэтым нязгодныя. Якія ж беларусы пасіўныя, калі навокал столькі цікавых людзей, якія штосьці робяць, якія дзеюць. Вось мы і вырашылі іх паказаць і гэткім чынам даказаць, што беларусы не больш і не менш пасіўныя за іншыя народы.

«Апантаныя» – хто яны, пра каго гэты цыкл?

Апантаныя – гэта людзі, адданыя сваёй справе. Апантаныя культурай, экалогіяй, сацыяльнаю дапамогаю… Гэты цыкл пра грамадскіх актывістаў – з розных гарадоў, рознага полу і ўзросту, проста пра людзей, якія хочуць зрабіць штосьці карыснае для сябе і для грамадства.

Адкуль такая назва?

Мы доўга шукалі назву, якая б добра апісвала ідэю цыклу. Слова «апантанасць» прагучала ад аднаго з герояў рэпартажаў, і яно настолькі ўціснулася нашую свядомасць, што іначай цыкл мы проста не змаглі ўжо назваць.

Што вы хочаце сказаць сваёй праграмаю, чаму лічыце, што гэта важна?

Мы хочам паказаць, што нягледзячы на безліч праблемаў, сярод беларусаў існуюць грамадска актыўныя людзі, і рэшта мусіць браць з іх прыклад. Нашым цыклам мы хочам зматываваць да дзеяння, стварыць пазітыўны прыклад для іншых. Даказаць, што можна і трэба дзеяць.

Каму «Апантаныя» будуць цікавыя?

«Апантаныя» будуць цікавыя ўсім! Мы прапаноўваем пазнаёміцца з васьмю рознымі рэпартажамі, васьмю рознымі тэмамі ды відамі актыўнасці. Кожны знойдзе хаця б адную серыю, якая яго зацікавіць. Апрача таго, нашыя героі – гэта проста цудоўныя людзі, фанаты сваёй справы, а на такіх глядзець заўсёды цікава, бо яны не штучна створаныя, а шчырыя ў тым, што робяць. Сапраўдныя героі.

Некалькі словаў пра вас як аўтараў. Чым займаецеся штодзень, як пазнаёміліся?

Васіль Лепеш: Я прыехаў на навучанне для маладых лідараў, а Магда дапамагала ў тым праекце. Пазней сустрэліся ў адной рэдакцыі «Белсату». Пачалі ўзнікаць новыя ідэі, жаданне болей зрабіць для Беларусі. Мы разам дзеем яшчэ і ў ініцыятыве «Вольная Беларусь» ды рэпартажы вырашылі рабіць у межах гэтага аб’яднання. Гэтак і нарадзіліся «Апантаныя» – наш чарговы супольны праект. Спадзяемся, не апошні.

Прэм’ера «Апантаных» штосераду а 20:45 перад галоўным выданнем праграмы «Аб’ектыў». Пасля прэм’еры рэпартажы можна паглядзець як на сайце «Белсату», гэтак і праз «YouTube»:

Глядзі таксама
Каментары