Льеж лічыць ахвяры


Бельгійская пракурор Даньель Рэйндэрс распавяла журналістам, што сярод ахвяраў учорашняга тэракту ў Льежы – 17-месячнае дзіця.

«Вядома пра 125 ахвяраў. Адзін чалавек загінуў на месцы, 124 трапілі ў шпіталі. Сярод гэтых асобаў пацверджаная смерць маладога чалавека 17 гадоў, смерць дзіця ва ўзросце 17 месяцаў. 75-гадовая жанчына, пра якую згадвалася раней, цяпер праходзіць лячэнне. Яшчэ пяць чалавек застаюцца ў рэанімацыі», – паведаміла падчас ранішняй прэс-канферэнцыі пракурор Даньель Рэйндэрс.

Яна таксама распавяла, што падчас расследавання справы і высвятлення асобы тэрарыста паліцыя знайшла цела жанчына, аднак падрабязнасці справы пакуль не раскрываюцца. Паліцыя мяркуе, што 33-гадовы мясцовы жыхар Нардын Амрані дзеяў у адзіночку. Раней яго затрымлівалі за незаконнае захоўванне зброі ды марыхуаны. У 2005 г. суд прыгаварыў яго да 5 гадоў пазбаўлення волі. У 2010 г. яго вызвалілі ўмоўна датэрмінова.

13 снежня каля 12:30 паводле мясцовага часу Нардын Амрані выйшаў на дах аднаго з будынкаў на пляцы Сэн-Лямбэр. Са спартовай торбы ён дастаў гранаты і кінуў іх у бок аўтобуснага прыпынку, пасля чаго пачаў страляць з вінтоўкі.

«Што да тэрарыста, пытанне ў тым, ці скончыў ён жыццё самагубствам. Следчыя і эксперты-балістыкі цяпер вывучаюць цела. Прычынаю смерці сталася куля, якая трапіла яму ў лоб. Як вы ведаеце, ён кінуў на прыпынак тры гранаты, чацвёртая выбухнула побач з ім. Але менавіта куля сталася прычынаю смерці», – дадала пракурор.

belsat.eu

Стужка навінаў