Якая страва – самая беларуская?


Дранікі, мачанка, квас ці, можа, бабка? Арганізатары конкурсу «Прадукт года–2011» шукаюць самыя пазнавальныя беларускія стравы.

У менскім рэстаране «Камяніца» ў межах конкурсу спажывецкіх перавагаў «Прадукт года–2011» прайшоў Дзень беларускай нацыянальнай кухні. Ён быў прымеркаваны да сусветнага Дня «Terra Madre» (Маці зямлі) – форуму вытворцаў натуральных, экалагічна чыстых харчовых прадуктаў з пяці кантынентаў, які праходзіць у 120 краінах. «Гэта сход фермераў, якія вырабляюць натуральныя чыстыя мясцовыя прадукты харчавання і прадаюць іх людзям па сумленнай цане», – патлумачыў старшыня аргкамітэту конкурсу «Прадукт года–2011» Ігар Данілаў.

Паводле яго, у ходзе правядзення Дня беларускай нацыянальнай кухні ўдзельнікі абмеркавалі пытанні развіцця беларускай кухні, а таксама гаварылі аб прадуктах, якія могуць быць своеасаблівымі брэндамі краіны, «якія можна будзе вывозіць за мяжу, ганарыцца імі і прасоўваць Беларусь за іх кошт».

На думку старшыні аргкамітэту «Прадукту года», акрамя традыцыйных дранікаў і бульбы, пазнавальнымі беларускімі прадуктамі ёсць мачанка, квасы, гарбаты, каўбасы ды алкагольныя напоі. «Ёсць шмат страваў, якія незаслужана забытыя. Мы цяпер абвяшчаем конкурс на пошук самых «правільных» беларускіх нацыянальных прадуктаў», – заявіў Данілаў.

Вынікі конкурсу «Прадукт года–2011» падвядуць у студзені 2012 г.

belsat.eu

Стужка навінаў