Аляксандр Класкоўскі: Ідзе праполка


Як паведамляе прэс-служба беларускага прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка сёння “разгледзеў кадравыя пытанні”.

Ён прызначыў Алега Сліжэўскага – міністрам юстыцыі, Алену Гулевіч – намесніцаю старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, Марата Маркава – намеснікам старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Таксама прэзідэнт даў згоду на прызначэнне новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў і кіраўнікоў абласных следчых камітэтаў.

Згодна з распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі, Цэнтральную выбарчую камісію традыцыйна ачоліць Лідзія Ярмошына.

Праўда, гэтае прызначэнне мае прайсці ўзгадненне з Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу, нагадвае прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

“Гэта ратацыя дзеля ратацыі”, – пракаментаваў “Белсату” навіну палітолаг Аляксандр Класкоўскі. І сённяшнія кадравыя перастаноўкі, і нядаўнія гучныя арышты і пасадкі сілавікоў палітолаг тлумачыць тым, што ў Беларусі кадравая палітыка дагэтуль вырашаецца паводле сталінскага прынцыпу.

“Сталін перыядычна тасаваў кадры – менавіта дзеля таго, каб баяліся, трымцелі ды былі гатовыя пасля першай адмашкі, што называецца, “рвать подмётки”, – гаворыць Аляксандр Класкоўскі.

Палітолаг кажа, што менавіта такая логіка і “беларускай кадравай палітыкі”: на першы план выходзяць не прафесійныя якасці прэтэндэнтаў на пасады, а сярэднявечны прынцып “адданасці правадыру”.

“Гэтых людзей нават складана назваць персонамі, бо яны фактычна не свецяцца ў медыях, не маюць сваёй думкі. Яны папросту шрубкі агульнага механізму, толькі размешчаныя на больш высокіх паверхнях. Незалежна ад прозвішчаў, усё адно, гэтыя людзі будуць выконваць загады з самага верху, бо пра нейкую самастойнасць галінаў улады ў нас і казаць немагчыма”, – зазначае Аляксандр Класкоўскі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары