“Няскораную” пабачылі ў Горадні


Прэм’ера дакумэнтальнага фільму «Няскораная», зьнятага тэлеканалам «Белсат» да 100-х угодкаў нараджэньня Ларысы Геніюш, адбылася ў Горадні. Праглядам фільму завершаны ўрачыстасьці з нагоды юбілею вялікай беларускі.

Перад пачаткам фільму выступіў Міхась Скобла, адзін з аўтараў фільму, паэт, дасьледчык жыцьця Ларысы Геніюш. Ён распавядаў аб тым, як адзначаліся сёлета ўгодкі паэткі. Згадваў, як здымалі фільм і асабліва падкрэсьліў, у чым ягоная каштоўнасьць:

«У гэтым фільме прагучалі шматлікія ўспаміны людзей, якія яе ведалі. Гэта людзі пераважна сталыя, і важна было пасьпець запісаць гэтыя сьведчаньні. Як укладальнік кніг пра Ларысу Геніюш я ведаю, што шмат чаго ўжо не запісана і, на вялікі жаль, гэтага не адновіш».

У фільме выкарыстаныя рэдкія здымкі і дакумэнты, унікальныя кадры кінахронікі з самой Ларысай Геніюш, зьнятыя Гарадзенскім тэлебачаньнем у 1978 годзе, гучыць ейны голас, паэтка чытае вершы.

Успамінамі пра Ларысу Геніюш у фільме дзеляцца такія вядомыя людзі, як Уладзімер Арлоў, Аляксей Пяткевіч, Міхась Чарняўскі, Данута Бічэль, землякі паэткі, ейны ўнук. Распавядаюць аб усім: яе жыцьці ў Жлобаўцах, у Празе, допытах у савецкіх засьценках, лягерах. У адным з эпізодаў зэльвенскі сьвятар чытае вершы Геніюш побач з помнікам ля царквы.

Пасьля прагляду фільму сваімі думкамі з чытачамі «Свабоды» падзяліўся гарадзенскі паэт Юрка Голуб, які родам з Зэльвеншчыны. Ён асабіста ведаў гераіню і ахвяраваў для фільму стужку, на якую здымаў Ларысу Геніюш у Зэльве ў 1978 годзе:

«Мне здаецца, што зроблена ўсё сучасна і не пакідае чалавека абыякавым да таго, што мы ведалі пра Ларысу Геніюш. Гэта вядзе да таго, каб мы неяк болей імкнуліся ведаць яе творчасьць і біяграфію, якая працягнецца ў будучыню».

Пасьля прагляду фільму я запытаўся ў гледачоў пра тое, якія думкі і эмоцыі выклікаў фільм у іх. Вось што мне адказвалі:

Спадарыня: «Эмоцыі ў мяне нейкай напругі. Мне захацелася схавацца ў нейкую сховішча, хаця ня ведаю чаму. Я вельмі напружана глядзела фільм. У мяне ўвесь час была самота і жаль…»

Іншая спадарыня: «Таксама сумны настрой і жаль ад таго, што мы дагэтуль ня можам згуртавацца ўсе разам. Нават ня кажучы пра нашу сёньняшнюю сытуацыю, якую маем зараз».

Пасьля прагляду фільму адбылася прэзэнтацыя двухтомніка «Ларыса Геніюш» і альманаха «Асоба і час», якія пабачылі сьвет сёлета.

Крыніца http://www.svaboda.org/content/article/2229802.html

Стужка навінаў