Мікалай Статкевіч змешчаны ў карцар


Цяпер ён лічыцца “злосным парушальнікам” рэжыму.

Як распавяла “Белсату” Марына Адамовіч, Мікалая Статкевіча змясцілі ў ШЫЗА на пяць дзён – нібыта за тое, што ён не прывітаў кіраўніка атраду. “Але, думаю, гэта фармальная зачэпка. Пакаралі, найхутчэй, за ягоныя “Лісты на волю”, што шырока разышліся ў інтэрнэце, а таксама былі апублікаваныя на афіцыйным сайце Мікалая Статкевіча”, – гаворыць Марына Адамовіч.

У “Лістах на волю” Мікалай Статкевіч прапанаваў апазіцыйным сілам пазбавіцца ад палітыкаў, што заплямілі сваю рэпутацыю, і не спыняць ціску на рэжым, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні. Таксама ён заклікаў дэмакратычныя партыі стаць “арганізатарамі шырокага руху ўсіх слаёў грамадства”, каб наблізіць сітуацыю ў краіне да дэмакратычнай.

Жанчына не выключае, што адміністрацыя калоніі хоча не дапусціць іхнага вяселля. 20 снежня зняволены палітык мае пабрацца ў калоніі шлюбам са сваёй грамадзянскаю жонкаю Марынай Адамовіч. “Аднак я ўсё роўна 20 снежня туды паеду. Паводле закону, нават калі вязень пакараны карцарам, адміністрацыя абавязаная зарэгістраваць нас і даць трохдзённае спатканне”, – зазначыла Марына Адамовіч.

Экс-кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч асуджаны за ўдзел у Плошчы на 6 гадоў пазбаўлення волі. Палітвязень адбывае пакаранне ў Шклоўскай калоніі. Пісаць яму можна на адрас: 213004, Магілёўская вобл., г. Шклоў, ПК № 17, 3 атрад. Статкевічу Мікалаю Віктаравічу.

belsat.eu

Стужка навінаў