Кожны чацвёрты шлюб у Менску – з іншаземцам


Пра гэта паведаміла загадчыца Менскага гарадскога дому шлюбаў Надзея Равуцкая на прэс-канферэнцыі, прысвечанай міжнацыянальным шлюбам.

Паводле словаў менеджара гарачай лініі міжнароднага грамадскага аб’яднання “Гендэрныя перспектывы” / Праграма “Ла Страда” Ірыны Пацановіч, колькасць пытанняў, якія прыходзяць на гарачую лінію адносна міжнацыянальных шлюбаў, іх скасавання і правоў дзяцей у выпадку скасавання шлюбу, увесь час расце. Прыярытэтнымі для ўзяцця міжнацыянальных шлюбаў застаюцца краіны Еўразвязу, а таксама Турцыя, Егіпет і Арабскія Эміраты.

“У краінах арабскага свету найчасцей канфлікты ўзнікаюць з-за культурных адрозненняў. Часта жанчыны, якія сутыкаюцца з разрывам дачыненняў, не могуць забраць адтуль сваё дзіця. І яно робіцца зарукаю таго, што жанчына сама застаецца закладніцаю”, – сказала Пацановіч.

Гэта пацвердзіў і працаўнік консульска-прававога аддзелу Міністэрства замежных справаў Беларусі Іван Бондар. На ягоную думку, галоўная памылка беларускіх дзяўчат, якія пажадалі ўзяць шлюб з іншаземцам, у тым, што яны не афармляюць дакументаў на выезд на сталае месца жыхарства ў іншую краіну. Гэта, у выпадку разводу і жадання вярнуцца на радзіму, не дазволіць ім забраць з сабою дзіця.

“Дзіця застаецца грамадзянінам краіны паводле месца нараджэння. Маці, калі яна сталая жыхарка Беларусі, не можа на сваё дзіця аформіць дакументаў, якія пацвярджалі б ягоную грамадзянскую прыналежнасць да Беларусі. Калі ж дакументы на выезд былі аформленыя для дзіцяці, якое нарадзілася на тэрыторыі замежнай дзяржавы, дыпламатычным прадстаўніцтвам Беларусі ў адпаведнасці з “Законам аб грамадзянстве” будзе выдадзены пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Што пры жаданні дазволіць дзіцяці вярнуцца ў Беларусь разам з маці”, – зазначыў Бондар.

За дзесяць месяцаў гэтага года ў Менску зарэгістраваныя шлюбы з прадстаўнікамі 60 краінаў. З 382 параў, якія вырашылі звязаць сваё жыццё, 69 шлюбаў былі з прадстаўнікамі Расейскай Федэрацыі, 33 – з італьянцамі, 27 – з немцамі, 25 – з туркамі, па 19 – з прадстаўнікамі Ізраілю і Украіны, 14 шлюбаў – з амерыканцамі, па 13 – з англічанамі, ліванцамі ды літоўцамі, 12 – з французамі, 10 – з іранцамі, з канадцамі – 7.

belsat.eu

Стужка навінаў