Малако каштуе ўдвая даражэй, чым рэкамендуе Міністэрства эканомікі


Аднак фармальна вытворцы не парушаюць заканадаўства.

Паводле пастановы Міністэрства эканомікі № 153, адзін літр малака тлустасцю 3,2 % мае каштаваць 2320 руб., аднак у крамах малако выстаўляецца з коштам больш як 5000 руб. Вытворцы ідуць на хітрыкі: каб прадаваць прадукцыю за выгадны кошт, у малако дадаюць лактулозу, кальцый ды іншыя рэчывы, а таксама пакуюць прадукцыю меншаю вагою – 0,9 літра.

Апошнім часам таксама з’явілася шмат біямалочных прадуктаў. “Прыдумалі прыстаўку “бія” – і пачак тварагу каштуе ўжо 5000 руб., хоць раней можна было купіць і за 2800, – кажа пенсіянерка Ала Кулікоўская. – Уранку ў крамах проста не прабіцца – завозяць таннае малако, якое разыходзіцца за некалькі гадзінаў”.

Такая самая сітуацыя і з хлебам. Урад прызначыў фіксаваныя кошты на жытні хлеб – 1260 руб., аднак большасць хлебакамбінатаў выпускаюць хлеб больш высокага гатунку – заварны, дадаючы розныя спецыі. “Калі сёння мы будзем прадаваць хлеб за 1000 руб., мы збанкрутуем праз некалькі месяцаў, – кажуць у аддзеле збыту і маркетынгу Слуцкага хлебазаводу. – У краіне ўсё даражэе, дык чаму хлеб мае быць амаль бясплатны? З кожнай буханкі 30 % – гэта выдаткі толькі на паліва…”

belsat.eu

Стужка навінаў