Гісторыя Пагоні ды нацыянальнага сцяга на марках і паштоўках


У Менску адчынілася выстава, прысвечаная 20-годдзю дзяржаўнасці гістарычнай беларускай сімволікі. “Вытокі нашай сімволікі вельмі старажытныя. Герб Пагоня вядомы з 13 стагоддзя; сцяг у такім выглядзе, які ёсць, – з 1917-га. А вытокі нашага сцяга сягаюць у 14–16 стагоддзе. У нас традыцыйныя славянскія белы ды чырвоны колеры. Вытокі гэтых колераў – яшчэ бронзавы век, гэта колеры індаеўрапейцаў, якія прыйшлі на Беларусь у другім тысячагоддзі да нашай эры. Так што мы можам ганарыцца сваёй сімволікаю”, – гаворыць старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў.

Паводле яго, беларускі сцяг бярэ пачатак з ваеннага сцяга, які быў далёка бачны на полі бою, за што і выкарыстоўваўся. У 1917 годзе яго вырашылі зрабіць сцягам БНР. “У 70-я гады новае беларускае адраджэнне пачало гэтыя сімвалы вяртаць. Першымі гэта зрабілі нашы пісьменнікі ды мастакі – Яўген Кулік і Мікола Купава. Потым да іх далучыліся і Марачкін, і скульптары, і дызайнеры. З 1988 года гэтыя сімвалы шырока выйшлі на вуліцы, на плошчы. Нарэшце 19 верасня 1991 года Вярхоўны Савет прыняў герб “Пагоня” і бел-чырвона-белы сцяг. Пастанова ад 10 і 11 снежня зацвердзіла эталон сцяга і эталон герба, чаму і прысвечаная гэтая выстава”, – сказаў Трусаў.

Каментуючы падобнасць беларускага і літоўскага гербаў, Алег Трусаў адзначыў, што ў аснове беларускай Пагоні ляжыць гатычная традыцыя, а літоўцы ўзялі рэнесансава-барочную традыцыю. “Таму нашы гербы ніяк не супадаюць, і ніякіх прэтэнзіяў адзін да аднаго ў нас быць не можа”, – падкрэсліў Трусаў.

“Герб “Пагоня” быў замацаваны за беларускімі землямі у 1566 годзе адпаведным артыкулам у Статуце ВКЛ. Я зрабіў гісторыка-геаграфічную мапу. Атрымалася, што толькі на этнічных беларускіх землях ужываўся герб “Пагоня”. Гэтак званая Летува карысталася гербам Мядзведзь. Калі яе далучылі да ВКЛ, тады на шыю гэтага мядзведзя надзелі ашыйнік. Гэты момант літоўцы вельмі не любяць згадваць”, – растлумачыў гісторык-геральдыст Анатоль Цітоў.

Выставу, прысвечаную 20-годдзю дзяржаўнасці гістарычнай беларускай сімволікі, падрыхтаваў вядомы беларускі філатэліст Лявон Карповіч. У экспазіцыю ўвайшлі маркі, паштоўкі ды іншыя прадметы з традыцыйнаю беларускаю сімволікаю.

belsat.eu

Стужка навінаў