Літоўцы адмовіліся падтрымліваць беларускі футбол


Менскі футбольны клуб “Партызан” можа спыніць сваю дзейнасці праз сур’ёзныя фінансавыя праблемы.

Сёлета каманда выступала ў другім дывізіёне, але здолела прабіцца ў Найвышэйшую лігу. Ці будзе там гуляць клуб – адкрытае пытанне. “Партызан” належыць літоўскаму мільянеру Уладзіміру Раманаву. Некалькі гадоў таму ён вырашыў стварыць футбольную імперыю, набыўшы, апроч менскага клуба, “Каўнас” і шатландскі “Хартс”. Актывы аказаліся стратнымі, таму бізнэсоўца пераключыў сваю ўвагу на баскетбол. У выніку “Партызан” застаўся без грошай.

“З мінулага аўторка фінансаванне спынілі, – разводзіць рукамі генеральны дырэктар “Партызана” Людас Румбуціс (Liudas Rumbutis). – Мы можам уратавацца, толькі калі нейкі багаты чалавек раптам захоча стаць нашым спонсарам. Калі ў студзені крыніцы фінансавання не з’явіцца, клуб знікне”.

Футбалісты, здаецца, ужо не вераць у аптымістычнае развязанне сітуацыі ды шукаюць новае месца працы. “Гульцам прапаноўваюць разарваць кантракт на згоду абодвух бакоў, – кажа паўабаронца Аляксандр Таўканіца. – Размова пра нейкую кампенсацыю з боку “Партызана” не вядзецца. Мы станем фактычна беспрацоўныя і самастойна будзем шукаць новыя каманды”.

belsat.eu

Стужка навінаў