Міхал Залескі: Бутэлька замяніла беларусам і веру, і надзею


Менскае гарадское аддзяленне Міністэрства надзвычайных сітуацыяў просіць улады сталіцы абмежаваць продаж так званага “чарніла”.

Паводле звестак МНС, сёлета ў жыллёвым сектары Менску адбыліся 293 пажары, 72 % якіх – з віны нецвярозых жыхароў. Выратавальнікі спадзяюцца, што забарона дапаможа змяніць статыстыку і спасылаюцца на досвед іншых рэгіёнаў. “Рашэнне абмежаваць рэалізацыю пладова-ягадных вінаў у некаторых рэгіёнах Гарадзенскай і Менскай абласцей пераканаўча сведчыць пра ўзаемасувязь п’янства і гібелі людзей з прычыны неасцярожнага абыходжання з агнём у стане алкагольнага ап’янення”, – заявіў на аператыўнай нарадзе ў Менгарвыканкаме кіраўнік Менскага гарадскога ўпраўлення Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Дзмітрый Бягун.

Незалежны эканаміст Міхал Залескі сцвярджае, што краіна нясе велічэзныя страты з-за алкагольных траўмаў і смярцей, якія значна перавышаюць той прыбытак, што дзяржава атрымлівае ад продажу таннага алкаголю. Калі б удалося развязаць “алкагольную праблему”, працягласць жыцця беларускіх мужчынаў павялічылася б на 7 гадоў, і на два дні скарацілася б перабыванне сярэдняга грамадзяніна краіны на бюлетэні.

Разам з тым, эксперт упэўнены, што гэты эксперымент асаблівага плёну не дасць: людзі знойдуць магчымасці абысці забароны. “Беларусам алкаголь кампенсуе безвыходнасць жыцця і адсутнасць надзеі на лепшае. Ён ёсць, так бы мовіць, самагубствам у растэрмінаванне”, – зазначае Міхал Залескі. Паводле яго, сітуацыя зменіцца, калі людзі пабачаць, што “і з канца свету ёсць выйсце”.

belsat.eu

Стужка навінаў