Любоў Лунёва ў «Гарачым каментары»


“Будзьце вы праклятыя, марыянеткі!” – выгукнуў былы камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі Беларусі Ігар Азаронак, калі пачуў свой прысуд: 9 гадоў калоніі, пазбаўленне вайсковага чыну і 138 млн руб. кампенсацыі… Вярхоўны Суд прызнаў Ігара Азаронка вінаватым у атрыманні хабару.

Паводле розных крыніцаў, былога камандуючага Вайскова-паветранымі сіламі ды войскамі СПА арыштавалі ды змясцілі ў Следчы ізалятар КДБ летась у дзень выбараў ці адразу пасля яго – 20 снежня. Эксперты падазраюць, што справа зусім не ў хабары – Ігар Азаронак негатыўна паставіўся да загаду душыць паслявыбарчыя пратэсты. Сёння ж працаўнікі КДБ затрымалі чалавека, які змагаўся з апазіцыяй на мітынгах. Намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных справаў Яўген Полудзень – падазраваны ў злоўжыванні ўладаю.

Паводле журналісткі, уначы да дому Яўгена Полудня на ўскрайку Менску прыехалі ўзброеныя людзі ды арыштавалі чыноўніка.

“Магчыма, гэта быў нейкі знак іншым прадстаўнікам сілавых структураў. Мы ведаем, што Яўген Полудзень быў на ўсіх вулічных акцыях апазіцыі, а падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. казаў пра недапушчальнасць парушэння парадку. Відаць, ён найбольш вылучаўся сярод гэтых працаўнікоў міліцыі тым, што, напрыклад, ніколі не паводзіў сябе груба. Але ўлетку, як былі маўклівыя акцыі, Полудзень асабіста кіраваў гэтым хапуном”, – кажа Любоў Лунёва.

Унутраныя войны – ужо звычайная з’ява для беларускіх сілавых структураў. Журналістка мяркуе, што давяршаецца чыстка тых людзей, што яшчэ былі ва ўладзе пры Віктару Шэйману. Былы дзяржсакратар Савету бяспекі быў зняты з пасады ў 2008 г., пасля тэракту ў Менску на Дзень Незалежнасці.

“Хутчэй за ўсё, проста гэтыя людзі вядомыя. Ніхто не ведае, што яшчэ адбываецца. Палітвязні, што выходзілі на свабоду, распавядалі пра тое, колькі там (у СІЗА КДБ) трымаюць бізнесоўцаў – вядомых не толькі ў нашай краіне. Звычайна было так – калі пачынаецца “зачыстка”, то закранае ўсе структуры. Усе гэтыя пертурбацыі сведчаць, што ідзе нейкая праца. Дзеля чаго? Наперадзе выбары – відаць, ва ўладаў няма даверу да шэрагу бізнесоўцаў і сілавікоў”, – мяркуе Любоў Лунёва.

belsat.eu

Стужка навінаў