Фанатаў хакею будуць засяляць у здымныя кватэры


Гэтак улады Менску прапаноўваюць вырашыць жыллёвае пытанне падчас Чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 г.

“Пад гатэльныя паслугі ў сталіцы здаецца 546 кватэраў, – кажа начальнік аддзелу арганізацыі ды развіцця гатэльнай гаспадаркі кіраўніцтва бытавога абслугоўвання насельніцтва Менскага гарвыканкаму Любоў Сойка. – Арэнда афіцыйна афармляецца, уладальнікі зарэгістраваныя як індывідуальныя прадпрымальнікі. Менавіта гэтую катэгорыю можна будзе выкарыстоўваць дзеля рассялення гасцей Менску”.

Нагадаем, што дагэтуль спартовых турыстаў прапаноўвалі таксама сяліць у студэнцкія інтэрнаты. Актыўна рамантуецца цяпер інтэрнат № 3, які належыць Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. Студэнты, якія жылі там дагэтуль, часткова пераселеныя ў іншыя інтэрнаты, а рэшце даводзіцца здымаць жытло самастойна.

На такія захады ўлады ідуць вымушана – будаўніцтва запланаваных гатэльных комплексаў ідзе вельмі марудна. Сёння гатэлі Менску здольныя прыняць каля 5000 чалавек. Найлепшымі з іх лічацца “Еўропа”, “Менск”, “Crown Plaza”, “Вікторыя”. Сфармаваны пакет прапановаў для інвестараў на пабудову гатэляў – разам яшчэ на 5000 чалавек. З іх 1000 прыпадае на гатэлі 4-х і 5-зоркавага ўзроўню. “Гатэлі будуць пабудаваныя да канца 2013 г.”, – запэўнівае начальнік кіраўніцтва фізічнай культуры, спорту і турызму ў горадзе Менску Аляксей Пракаповіч. Але разам з тым ён удакладняе, што цяпер будуецца толькі адзін новы гатэльны комплекс, які месціцца на пр. Пераможцаў.

belsat.eu

Стужка навінаў