Алеся Міхалевіча адпусцілі праз некалькі гадзінаў


https://youtu.be/9YVJAdkp8XE
Палітыка затрымалі памежнікі ў варшаўскім аэрапорце. Экс-кандыдат мяркуе, што падставаю для затрымання быў запыт з Беларусі. Варшаўская пракуратура загадала неадкладна вызваліць палітыка.

У аэрапорт прыбыў намеснік міністра замежных справаў Польшчы Кшыштаф Станоўскі, які дапамог у варашэнні сітуацыі. Алесь Міхалевіч збіраўся выляцець у Лондан і паколькі беларуская пракуратура накіравала запыт у Інтэрпол, памежнікі былі вымушаныя затрымаць палітыка.

***
“Мяне затрымалі, калі я праходзіў памежны кантроль, – знялі з рэйсу, і цяпер чакаю каменданта варшаўскай паліцыі. І там будуць вырашаць, што рабіць са мною далей. Наколькі разумею, падставаю да затрымання стаў запыт беларускай пракуратуры, бо я дагэтуль застаюся абвінавачаным у справе арганізацыі масавых беспарадкаў”, – паведаміў Алесь Міхалевіч у размове з “Белсатам”.

“Польская паліцыя не мае да мяне ніякіх прэтэнзіяў, гэта прэтэнзіі беларускага боку. У Польшчы я магу разлічваць на прававую дапамогу. Я ведаю, што польскія палітыкі ды МЗС Польшчы ўжо займаюцца гэтаю справаю. У любым выпадку, пытанне аб маім вызваленні будзе вырашанае. Пытанне ў тым, ці арыштуюць мяне і будуць вызваляць праз суд, – ці вызваляць без арышту. Пакуль мой статус такі: я прапусціў свой самалёт на Лондан і праходжу памежны кантроль”, – сказаў палітык.

Як мяркуе Міхалевіч, гэта, “хутчэй за ўсё, адбылося ў межах супрацы ў тым жа міжнародным прававым пагадненні, паводле якога былі перададзеныя рахункі праваабаронцы Алеся Бяляцкага”.

У Міністэрстве замежных справаў Польшчы сітуацыі з затрыманнем Алеся Міхалевіча пакуль не каментуюць.

Нагадаем, Міхалевіч застаецца абвінавачаным у справе аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 г. (арт. 293 Крымінальнага кодэксу). Ён быў затрыманы ў ноч на 20 снежня. 19 лютага яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе са следчага ізалятару Камітэту дзяржбяспекі. 28 лютага Міхалевіч правёў прэс-канферэнцыю, на якой паведаміў, што быў вызвалены пасля таго, як згадзіўся стаць агентам КДБ. На такі крок, растлумачыў палітык, ён вымушаны быў пайсці “з-за жудасных умоваў у СІЗА, якія можна расцаніць як катаванні”.

У сакавіку Міхалевіч таемна выехаў з Беларусі, патлумачыўшы гэта “рэальнаю фізічнаю пагрозаю”, і праз некалькі тыдняў атрымаў палітычны прытулак у Чэхіі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары