Рэпетыцыя Плошчы: як гэта было


Удзельнікі акцыі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, пасля чаго рушылі калонаю да Цэнтравыбаркаму, каб перадаць рэзалюцыю. Мітынгоўцы патрабуць улучыць у кожную выбарчую камісію прадстаўнікоў кандыдатаў на прэзідэнцтва, скасаваць датэрміновае галасаванне, падлічваць галасы публічна, паказваючы назіральнікам бюлетэнь. Акцыя прайшла без затрыманняў.

19:31 Зварот перадалі ў ЦВК, на мітынгу выступілі Павал Севярынец, Зміцер Дашкевіч, пасля чаго мітынг завершыўся. Людзі расходзяцца з плошчы, акцыя прайшла без затрыманняў. Паводле розных ацэнак, у ёй узялі ўдзел ад 1,5 да 2 тыс. чалавек.

19:15 Непадалёк ад помніку Леніну адбываецца імправізаваны мітынг. Выступіў Мікалай Статкевіч, які заявіў, што яму брыдка заходзіць у ЦВК, а таму рэзалюцыю ён пакіне ў дзвярах. Віталь Рымашэўскі ў сваім выступе распавёў пра папярэджанне з боку пракуратуры і заявіў, што гатовы хоць зараз аддаць Лідзіі Ярмошынай сваё пасведчанне кандыдата, бо падтрыманне людзей цэніць больш.



18:48
Прайшлі міма будынку КДБ. Даволі шмат працаўнікоў міліцыі ў цывільным, што здымаюць на камеры твары ўдзельнікаў акцыі. Калону суправаджае машына МУС з гукаўзмацняльнікам.

18:43 Удзельнікі акцыі кіруюцца ў бок ЦВК, скандуючы лозунг “Жыве Беларусь!”. Міліцыя пакуль не ўмешваецца. Мінакам раздаюць улёткі з тэкстам рэзалюцыі.

18:35 У акцыі бяруць удзел каля тысячы чалавек. Выступілі Уладзімір Някляеў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч. Удзельнікі збіраюцца рушыць у бок Цэнтрвыбаркаму, каб перадаць Лідзіі Ярмошынай рэзалюцыю. У ёй удзельнікі акцыі патрабуюць ад ЦВК уключыць у кожную выбарчую камісію прадстаўнікоў кандыдатаў на прэзідэнцтва, скасаваць датэрміновае галасаванне, падлічваць галасы публічна, паказваючы назіральнікам бюлетэнь.

18:27 Да ўдзельнікаў акцыі далучыўся Уладзімір Някляеў. Ён падзякаваў сваім прыхільнікам за падтрыманне. На плошчы шмат міліцыянтаў у цывільным – іх выдае шыпенне рацыяў, якія яны хаваюць пад курткамі.



18:20
У акцыі ўдзельнічаюць актывісты “Маладога фронту”, яны стаяць з вялікаю расцяжкаю з надпісам “Саша, сыходзь!”. Непадалёк размясціліся маладыя людзі, якія трымаюць плакат, на якім напісана “Саша, останься!”. Яны кажуць, што не належаць да палітычных партыяў і рухаў ды прышлі на плошчу на сваю ініцыятыву.

18:16 Калі не лічыць журналістаў, на акцыю сабраліся каля 130 чалавек. Выступае Віталь Рымашэўскі. Ён заклікае прыйсці на плошчу 19 снежня, каб адстояць свой выбар.

18:00 На плошчы сабраліся каля ста чалавек з нацыянальнымі сцягамі ды сімволікаю БХД. Адначасова з гэтым на Кастрычніцкай плошчы збіраюць святочную елку. На вялікім экране навіны дзяржаўнага тэлебачання, гук улучаны на максімум.

17:55 Каля Кастрычніцкай плошчы сканцэнтраваліся сілы праваахоўных органаў, у тым ліку працаўнікі міліцыі ў цывільным. У найбліжэйшых дварах стаяць аўтазакі.

Шэраг апазіцыйных палітыкаў называюць сённяшнюю акцыю “рэпетыцыяй Плошчы” – масавай акцыі, запланаванай на 19 снежня. Нашыя карэспандэнты назіраюць за развіццём падзеяў. Сачыце за абнаўленнямі!

Стужка навінаў