Нацбанк павысіў стаўку рэфінансавання да 45 %


Гэта значыць, што крэдыты для насельніцтва зробяцца яшчэ даражэйшымі.

Паводле пастановы Нацбанку, 12 снежня стаўка рэфінансавання павышаецца з 40 да 45 % гадавых. Гэта ўжо 12-е павышэнне з пачатку года. Папярэдні раз стаўка рэфінансавання павышалася 11 лістапада – з 35 да 40 % гадавых.

Павышэнне стаўкі рэфінансавання прывяло да значнага падаражання крэдытаў для насельніцтва. Калі ў студзені 2011 г. банкі крэдытавалі фізічных асобаў пад 16–17 % гадавых, то ў лістападзе стаўкі павысіліся да 46–55 %. Стаўкі па экспрэс-крэдытах, што выдаюцца цягам 1–2 гадзінаў без паручыцеляў і часта без даведкі аб прыбытках, у некаторых банках ужо дасягнулі 100 %.

Паводле экспертаў, рост ставак па крэдытах ёсць наступствам росту інфляцыі. «Калі ўлады не здолеюць утаймаваць інфляцыю, то будзе надалей расці і стаўка рэфінансавання, і стаўкі па крэдытах. Ад банкаў нельга будзе патрабаваць выдаваць пазыкі пад нізкую стаўку, калі для іх дарагія рэсурсы», – кажа экс-старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч.

Міжтым банкі не толькі павысілі стаўкі па крэдытах, але і ў цэлым падкарэгавалі сваю крэдытную палітыку: некаторыя часова прыпынілі крэдытаванне фізічных асобаў; іншыя зменшылі колькасць крэдытных прадуктаў. Такія дзеянні падтрымаў Нацбанк, прадстаўнікі якога рэкамендавалі насельніцтву на 1,5–2 гады ўстрымацца ад атрымання буйных крэдытаў, у прыватнасці, на нерухомую маёмасць, каб пазбегчы праблемаў з іх пагашэннем.

З сённяшняга дня з 65 да 70 % гадавых павышаюцца таксама адсоткавыя стаўкі па аперацыях падтрымання ліквіднасці банкаў. Павышэнне адсоткавых ставак у Нацбанку называюць «паслядоўнымі крокамі для абмежавання інфляцыйных працэсаў і стабілізацыі сітуацыі ў эканоміцы ды фінансавай сферы ў цэлым».

Выступаючы 30 лістапада ў парламенце, віцэ-прэм’ер Сяргей Румас паведаміў: праблема існых у краіне адсоткавых ставак была адною з асноўных пры разглядзе пытання аб выдзяленні Беларусі другой траншы крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС памерам 440 млн долараў. «Нашы партнёры задаюць нам цалкам лагічнае пытанне: як пры інфляцыі 100 % стаўкі застаюцца на ўзроўні 60–65 %? Гэта адмоўная адсоткавая стаўка», – растлумачыў ён.

Разам з тым кіраўніца Нацбанку Надзея Ермакова на прэс-канферэнцыі 7 снежня не выключыла, што ў другой палове студзеня 2012 г. стаўку рэфінансавання перагледзяць у бок паніжэння.

belsat.eu

Стужка навінаў