Што можа зрабіць Пуцін перад выбарамі?


Палітолагу Канстанціну фон Эгерту суботнія мітынгі ў Расеі нагадалі путч 1991 г., які прывёў да распаду Савецкага Саюзу. Аднак гэтага пакуль не дастаткова, каб дамагчыся пераменаў у палітычным жыцці Расеі.

«Мітынг на Балотнай плошчы ў Маскве – гістарычная падзея, бо ў значнай ступені змяняе палітычную парадыгму апошніх дзесяці гадоў у Расеі ды ставіць як перад апазіцыяй, гэтак і перад уладаю пытанне пра неабходнасць адаптавацца да новых умоваў, да новых чаканняў грамадства», – мяркуе палітолаг.

У суботу, 10 снежня, усю Расею ахапілі пратэсты супраць фальсіфікацыяў парламенцкіх выбараў, на якіх перамагла створаная Уладзімірам Пуціным партыя «Адзіная Расея». Мітынгі прайшлі на Балотнай плошчы ў цэнтры Масквы і ў дзясятках гарадоў, ад Уладзівастоку да Калінінграду. Гэта былі самыя масавыя пратэсты апазіцыі за апошнія дзесяць гадоў.

Толькі ў Маскве на Балотнай плошчы сабраліся 60 тыс. чалавек. Да месца правядзення акцыі сцягнулі ўзмоцненыя нарады паліцыі ды АМАП, аднак усё прайшло мірна, без здарэнняў і затрыманых. Без асаблівых эксцэсаў абышлося і ў Санкт-Пецярбурзе, дзе на Піянерскую плошчу выйшлі больш за 10 тыс. чалавек.

Апаненты прэм’ер-міністра Уладзіміра Пуціна, у тым ліку прадстаўнікі КПРФ, сцвярджаюць, што афіцыйны вынік «Адзінай Расеі» быў атрыманы ў выніку парушэнняў, напрыклад, укідвання бюлетэняў.

Паводле фон Эгерта, у Пуціна засталіся два варыянты ў барацьбе з такою колькасцю пратэстоўцаў: «Гэта або працягваць ігнараваць сітуацыю і правесці выбары з класічным складам: Пуцін, Зюганаў [лідар Камуністычнай партыі], Жырыноўскі [кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі] і, можа быць, Яўлінскі [старшыня партыі «Яблоко»], Міронаў [кіраўнік партыі «Справядлівая Расея»]. То бок гэта зноў будзе бойка з ценем, як баксёры кажуць, у выніку якой, вядома, Пуцін пераможа ў першым туры, але ягонай легітымнасці будзе нанесены яшчэ адзін вельмі сур’ёзны ўдар. Другі варыянт – гэта адкрыць шлюзы, дазволіць правесці адкрытую максімальна вострую выбарчую кампанію і тады рызыкаваць магчымасцю другога туру (калі дазволяць зарэгістравацца апазіцыйным кандыдатам) ды адкрытаю крытыкаю на свой адрас».

Паводле фон Эгерта, утрымаць пратэставыя настроі ў грамадстве апазіцыі перашкодзяць навагоднія святы і адсутнасць лідара.

Уладзімір Пуцін днямі абвінаваціў у арганізацыі мітынгаў Дзярждэпартамент ЗША. Прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядзведзеў сваё стаўленне да пратэстаў агучыў у «Facebook». Апазіцыя ж запланавала яшчэ адзін мітынг – на 24 снежня.

belsat.eu

Стужка навінаў