Нясвіж хоча прывабіць турыстаў


Паводле намесніцы дырэктара Нацыянальнага гісторыка-культурнага музею-запаведніка “Нясвіж” Наталлі Жарко, у сярэдзіне снежня для ўсіх турыстаў будзе адкрыты другі пускавы комплекс замку.

“Турысты змогуць убачыць тры асноўныя экспазіцыйныя залы. На сёння цалкам гатовыя камінная зала, размешчаная ў паўднёвай галерэі, і дзве залы камяніцы. У белай бальнай зале з радзівілаўскіх часоў добра захаваліся панэлі, калоны, ляпніна па перыметры столі ды над люстрамі, дапаўняе інтэр’ер салонны гарнітур XIX стагоддзя, які спецыяльна набылі для гэтага памяшкання. Тут акрамя экскурсіяў плануецца часам праводзіць балі ў строях. У малой сталовай зале рэканструявалі абсталюнак абедзеннага пакою”, – зазначыла суразмоўца.

Экспазіцыю другога пускавога комплексу дапоўняць калекцыі слуцкіх паясоў, медалёў, манетаў, дакументаў, лялек, мінералаў. Для іх зрабілі адмысловыя вітрыны.

Чыноўнікі, якія ўваходзяць у склад Міжгаліновага экспертна-каардынацыйнага савету турызму, упэўніваюць, што пасля адкрыцця новых залаў у Палацы колькасць турыстаў павялічыцца да 350 тыс. чалавек за год.

Але горад пакуль не гатовы для такога наплыву гасцей: не хапае рэстарацыяў, грамадскіх прыбіральняў і гатэляў. Што тычыцца першых двух праблемаў, то старшыня райвыканкаму Іван Крупко паабяцаў: да 10 снежня ў Нясвіжы з’явяцца дзве новыя кавярні ды адзін туалет. Для будаўніцтва гатэлю ўлады шукаюць інвестара, а пакуль гатэль у цэнтры гораду закрываецца і будзе прададзены на аўкцыёне.

belsat.eu

Стужка навінаў