Незалежныя пісьменнікі сабраліся ў Менску (абноўлена)


10 снежня ў сталічным Палацы мастацтва праходзіць ХVІ з’езд Саюзу беларускіх пісьменнікаў (СБП). Новым старшынём арганізацыі абраны Барыс Пятровіч (Сачанка).

“Не буду арыгінальным, калі скажу, што наш з’езд сабраўся ў складаны і трывожны час. Па роднай краіне распаўзаецца фінансава-эканамічны крызіс, брутальна звужаецца поле дзейнасці дэмакратычных сілаў, у грамадстве праз шэры асфальт абыякавасці квола прабіваюцца парасткі зняверанасці і адчаю, – адзначыў, адкрываючы з’езд, сябра СБП, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, паэт Генадзь Бураўкін. – У няпростых умовах дзяржаўнага станаўлення, у штодзённых клопатах пра дзяцей і ўнукаў таму-сяму з асабліва высокіх і шаноўных уладаў не да літаратуры. Яны вельмі лёгка і проста могуць без яе абысціся, і, дарэчы, многія гады абыходзяцца. А вось мы абысціся без яе не можам”.

З прывітальным словам да дэлегатаў з’езда звярнуўся амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, пажадаўшы ім адзінства і паспяховай працы.

Старшыня СБП Алесь Пашкевіч паведаміў, што на адрас аргкамітэту з’езду прыйшлі лісты падтрымання ад дзясяткаў замежных творчых саюзаў – з Расеі, Польшчы, Нямеччыны, Швецыі, Сербіі ды іншых краінаў.

У складзе СБП – 416 сябраў, з якіх больш за 200 узялі ўдзел у з’ездзе.

Незалежная ад палітыка-ўладнай кан’юнктуры пазіцыя СБП цягам апошніх гадоў выклікала рэпрэсіі з боку ўладаў. У 1997 годзе СБП пазбавілі Дому літаратара, а ў 2006 годзе аб’яднанне гвалтоўна выселілі з займанага памяшкання. Яшчэ раней, у 2002 годзе, у СБП адабралі літаратурна-грамадскія перыядычныя выданні, заснавальнікам якіх ён з’яўляўся.

belsat.eu

Стужка навінаў