Жыхарка Менску працягвае галадоўку пратэсту


Інвалід другой групы Святлана Чорная працягвае галадоўку, патрабуючы адмены смяротнай кары для Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Яна сумняецца, што суд пакараў сапраўды вінаватых людзей, і пра гэта напісала ў лісце на імя Аляксандра Лукашэнкі.

“Як грамадзянка Рэспублікі Беларусь, якая належыць да яе народу, ад свайго імя прашу вас не дапусціць смяротнай кары Канавалава і Кавалёва, на якую яны асуджаныя 30 лістапада Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь. Нашая краіна – цывілізаваная дзяржава. Аднак у ёй хочуць пакараць смерцю двух маладых хлопцаў, віна якіх выклікае сумненне немалой часткі насельніцтва маёй краіны, улучаючы пацярпелых ад тэракту, за які вынеслі вырак асуджаным”, – гаворыцца ў звароце да Лукашэнкі.

У інтэрв’ю Святлана Чорная звяртае ўвагу на шэраг неадпаведнасцяў і нявысветленых акалічнасцяў падчас расследавання крымінальнай справы, заклікае людзей не заставацца абыякавымі да лёсу асуджаных, а пацярпелых грамадзянаў, каго таксама не пераканала рашэнне суда, – пісаць наглядныя скаргі.

“Я чакаю не адказу на свой ліст – чакаю рэакцыі”, – гаворыць Святлана Чорная.

belsat.eu

Стужка навінаў