На будаўніцтва Музею ВАВ сабралі... 0,3 % ад сабекошту


БРСМ назбіраў 50 млн руб. на будаўніцтва Музею Вялікай Айчыннай вайны. Акцыя пачалася яшчэ ўвосень.

Калі ўлічыць, што арганізацыя налічвае каля 500 тыс. сябраў, то кожны з актывістаў здаў не больш за 100 руб. Яшчэ раней даходзілі звесткі, што студэнты неахвотна ахвяруюць сродкі. Напрыклад, навучэнцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту інфарматыкі і радыёэлектронікі давалі толькі па 500 руб.

“Мы не называлі канкрэтнай сумы, кожны сябра арганізацыі даваў столькі грошай, колькі яму не шкада, – паведамляе прэсавы сакратар менскага гарадскога камітэту БРСМ Максім Касцян. – Тым не менш, нашая арганізацыя адна з нямногіх, хто наогул арганізаваў збор сродкаў дзеля падтрымання новага музею”.

Грошы збіралі таксама працаўнікі Белтэлерадыёкампаніі. Дырэктару музею яны перадалі 67 млн руб. Здаць у эксплуатацыю музей плануецца ў траўні 2013 г., ён размесіцца за стэлаю “Менск – горад-герой”.

Летась аб’ём інвестыцыяў ацэньваўся на 150 млрд рублёў. Аднак у сувязі з фінансавым крызісам і падаражаннем будматэрыялаў каштарыс перагледзяць. “Цяпер праблемаў з фінансаваннем няма, дапамагаюць грамадскія арганізацыі, дзяржава, таму працы ідуць нават з апярэджаннем графіка”, – упэўнівае дырэктар Музею гісторыі ВАВ Сяргей Азаронак.

belsat.eu

Стужка навінаў