«Белсату» – 4 гады: вынікі працы і планы на будучыню


«Прафесіяналізм – мера нашага значэння. Чатыры гады таму мы пачалі з 3-хвіліннага выдання навінаў. Сёння мы робім некалькі выданняў навінаў штодзённа ды шмат іншых праграмаў ды фільмаў», – гаворыць дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Чатыры гады таму пачало трансляцыю сваіх праграмаў тэлебачанне «Белсат» – незалежны канал для гледачоў у Беларусі, які ёсць часткаю Польскага тэлебачання. Дату пачатку працы «Белсату» выбралі не выпадкова – 10 снежня адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. З нагоды чатырохгоддзя каналу адбылася адмысловая канферэнцыя, на якой былі падведзеныя вынікі працы за гэты час ды агучаныя планы па развіцці «Белсату».

У сакавіку 2012 г. замест асобных выданняў навінаў «Белсат» плануе запусціць інфармацыйна-публіцыстычны блок. «Цягам 45–60 хвілінаў кожны глядач, які ўвечары ўключыць «Белсат», атрымае поўную інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі ды ў свеце. Гледачы змогуць задаваць пытанні ў жывым эфіры як журналістам, гэтак і экспертам, якія выступяць у эфіры», – распавёў кіраўнік рэдакцыі навінаў Аляксей Дзікавіцкі.

«Але «Белсат» – гэта не толькі тое, што мы бачым на экране. Цягам чатырох гадоў «Белсат» выконвае важную культуратворчую ролю, – падкрэслівае Агнешка Рамашэўская-Гузы. – Тэлеканал стаўся важным інстытутам у грамадскім жыцці Беларусі ды ў польска-беларускіх стасунках. За кожнаю праграмаю ці фільмам стаяць ягоныя творцы, беларускае незалежнае асяроддзе, і «Белсат» аб’ядноўвае гэтых людзей».

«Белсат» фінансуецца польскім Міністэрствам замежных справаў, Польскім тэлебачаннем і замежнымі спонсарамі. «Тэлеканал ніколі б не паўстаў не толькі без журналістаў, але і без дабрачыннага падтрымання. Галоўныя спонсары – Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Польшча, польскае грамадскае тэлебачанне TVP S.A., шведская агенцыя СІДА, амбасада Каралеўства Нідэрландаў у Польшчы, дзяржавы Паўночнай Рады. Але нягледзячы на падтрыманне, штогод «Белсату» не хапае фінансавання. Заклікаю нашых дабрачынцаў падтрымаць канал, каб мы маглі ў 2012 г. разам з нашымі гледачамі адзначыць пяцігоддзе», – дадала дырэктарка «Белсату».

Падчас канферэнцыі адбылося традыцыйнае ўзнагароджванне статуэткаю «Сябра «Белсату». Сёлета ўзнагароду атрымала Амбасада Каралеўства Нідэрландаў. Прадстаўнік дзяржавы, якая апошнімі гадамі актыўна ўлучылася ў падтрыманне тэлеканалу, падкрэсліў: «Белсат» мае вялікія заслугі як канал, які дае людзям інфармацыю пра дэмакратычныя стандарты і правы чалавека. Ён прайшоў шлях ад сціпласці да прафесіяналізму. Цяпер цяжкія часы ў Еўропе, але правы чалавека застаюцца нязменна важнымі для ўраду Нідэрландаў».

Апошні год працы «Белсату» пачаўся з драматычных падзеяў. Жорсткім разгонам дэманстрацыі пратэсту супраць фальсіфікацыяў на прэзідэнцкіх выбарах 19 снежня 2010 года закончыўся кароткі перыяд «беларускай адлігі». У той крытычны час нашыя журналісты былі ў цэнтры падзеяў і праз гэта сталіся ахвярамі рэпрэсіяў. На больш за 10 дзён трапілі ў арышт чатыры супрацоўнікі тэлеканалу, двое з якіх былі затрыманыя пры асвятленні хады апазіцыйнага мітынгу. Спецназ жорстка збіў аднаго з нашых аператараў падчас нападу на аднаго з апазіцыйных кандыдатаў – Уладзіміра Някляева. Ахвярай атакі ўладаў стаў і офіс «Белсату» ў Менску, куды, рассекшы браняваныя дзверы, уварваліся «невядомыя». Журналісты, аднак, прадугледзелі такі сцэнар і загадзя перанеслі ўсё абсталяванне ў іншае месца.

Тэлеканал імкнецца не толькі інфармаваць беларусаў, але таксама павышаць ровень абазнанасці ў беларускай праблематыцы польскага грамадства. З гэтаю мэтаю «Белсат», сярод іншага, зарганізаваў на пачатку года канферэнцыю ў польскім парламенце, у якой прынялі ўдзел маршалак Гжэгаж Схэтына (Grzegorz Schetynа), а таксама шэраг беларускіх праваабаронцаў, дзеячаў і сваякоў арыштаваных.

У гэты неспакойны час аўдыторыя «Белсату», паводле апытання, дасягнула 12 % дарослага насельніцтва. Згаданае анкетаванне, праведзенае Цэнтрам сацыялагічных доследаў «Люстэрка-Інфо», паказала, што беларусы шукалі ў нашых праграмах найперш адлюстравання рэальнай сітуацыі ў сваёй краіне. У адказ на гэтыя чаканні з лютага бягучага года мы пашырылі інфармацыйны блок, з’явіліся новыя праграмы, у якіх каментуюцца як палітычныя падзеі, гэтак і нарастанне ў краіне эканамічнага крызісу. Вялікае значэнне надаецца таксама культуры і дакументалістыцы. «Больш як трыццаць узнагародаў і адзнак за дакументальныя фільмы, знятыя для «Белсату», сведчаць пра іхны прафесійны ўзровень. У Беларусі пачынаюць гаварыць пра паўстанне белсатаўскай школы дакументальнага кіно», – зазначае журналістка і вядоўца «Белсату» Аліна Коўшык.

Першая палова года адзначылася інфармаваннем пра лёс больш як 30 палітычных зняволеных. «Белсат» імкнуўся зрабіць свой унёсак у іх вызваленне, зарганізоўваючы ў эфіры ды інтэрнэце акцыю салідарнасці, у межах якой вядомыя людзі нагадвалі беларускаму грамадству пра лёс палітычных вязняў.

Пагаршэнне сітуацыі ў Беларусі прыцягнула да «Белсату» ўвагу сусветных медыяў. Артыкулы і рэпартажы пра тэлеканал з’явіліся, сярод іншых, у «New York Times», «Washington Post», «Financial Times», а таксама на BBC, ARD, «France 24», «Deutscher Rundfunk» і Фінскім нацыянальным тэлебачанні. «Белсат», апроч таго, для шмат якіх польскіх ды іншых замежных тэле- і радыёстанцыяў стаўся асноўнаю крыніцай аўдыё- і відэаматэрыялаў ды каментароў на беларускую тэматыку.

Дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы ўдзельнічала ў сустрэчы з прэзідэнтам ЗША падчас ягонага візіту ў Польшчу. Барак Оўбама, звярнуўшыся да кіраўніцы каналу, сказаў тады: «Я ганаруся вашаю працаю». За падтрыманне «Белсату» выступіла таксама амерыканская Палата прадстаўнікоў.

Чарговае апытанне, праведзенае ў Беларусі недзяржаўным цэнтрам даследавання грамадскай думкі, сведчыць пра 87-адсоткавы давер гледачоў «Белсату». Паводле апытання, праведзенага 23–31 траўня Цэнтрам сацыялагічных доследаў «Люстэрка-Інфо» на рэпрэзентатыўнай групе (501 глядач), тэлеканалу ў той ці іншай ступені давяраюць 87 % гледачоў. Кожны трэці апытаны (36 %) дэкларуе поўны давер першаму і адзінаму незалежнаму тэлебачанню ў Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў