Стэфановіч: Тэракт змяніў стаўленне беларусаў да «вышкі»


У Адміністрацыю прэзідэнта 9 снежня быў перададзены зварот за адмену смяротнага пакарання.

Праўда, чыноўнікі не пагадзіліся прыняць 165 000 подпісаў, якія былі сабраныя дзеля падтрымання петыцыі па ўсім свеце: маўляў, “невядома, якім чынам яны збіраліся”. І параілі праваабаронцам, сярод якіх была і прадстаўніца “Міжнароднай амністыі” Гізэр МакГіл, даслаць іх поштаю.

Ці паўплывае на лёс Канавалава і Кавалёва ініцыятыва ўплывовай міжнароднай арганізацыі, а таксама рэзананс, што атрымала сярод беларусаў гэтая справа? На меркаванне намесніка кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча, гаварыць пра гэта пакуль складана. “Мне падаецца, што Лукашэнка цяпер даволі адчувальны да грамадскіх настрояў. З іншага боку, знайсці ды пакараць вінаватых у тэракце для ўладаў было справаю гонару. Таму досыць складана прагназаваць, ці памілуе прэзідэнт хоць бы Кавалёва”, – разважае праваабаронца.

Аднак, як зазначыў Валянцін Стэфановіч, надзея, што расстрэл для Уладзіслава Кавалёва можа быць заменены на пажыццёвае зняволенне, усё ж застаецца. А вось сітуацыя з Дзмітрыем Канавалавым выглядае больш жахліваю. Праваабаронца гаворыць, што бацькі Канавалава не робяць ніякіх крокаў, каб абараніць і выратаваць сына: “Я не ведаю, хто і чым іх там запалохаў, але ў выніку іхнага бяздзеяння смяротнае пакаранне Дзмітрыя Канавалава – рэальная перспектыва”.

Валянцін Стэфановіч прызнаецца, што не верыць у тое, што неўзабаве Аляксандр Лукашэнка падпіша ўказ аб увядзенні ў краіне мараторыю на смяротнае пакаранне. Але зазначае, што стаўленне ў грамадстве да смяротнай кары апошнім часам кардынальна змянілася. Праваабаронца прыгадвае, што калі раней яны раздавалі беларусам улёткі супраць смяротнага пакарання, многія нават не ведалі, што ў краіне дагэтуль існуе расстрэл. “Сам тэракт і публічнасць расследавання і суда над тэрарыстамі шмат каго прымусіла задумацца пра гэта. І, як гэта ні дзіўна, павялічыла колькасць прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання. Хаця б, здавалася, што пасля такога жахлівага злачынства рэакцыя грамадства мела быць іншая”, – зазначае Валянцін Стэфановіч.

belsat.eu

Стужка навінаў