Апытанне: каму помнік?


9 снежня спаўняецца 120 гадоў са дня народзінаў выдатнага беларускага паэта Максіма Багдановіча. З гэтай нагоды “Белсат” запытаўся ў менчукоў: ці ведаюць яны, каму прысвечаны помнік у скверы ля Опернага тэатру?

“Максіму Горкаму? Гэта быў пісьменнік, але я асабліва Горкага не чытала, таму не магу нічога сказаць. Я крыху іншых пісьменнікаў люблю”, – кажа студэнтка.

“Багдановічу! Як жа не ведаць? Гэта наш беларускі паэт”, – адказвае мужчына.

“Максіму Багдановічу – беларускі паэт, памёр малады. З таго, што памятаю: у яго быў зборнік твораў “Вянок”, памёр ён у 1918 г., здаецца”, – кажа чарговы рэспандэнт.

“Ну, вядома, Максіму Багдановічу помнік! Паэт быў беларускі, мала пражыў, таму шмат чаго не паспеў зрабіць”, – кажа жанчына сталага веку.

“Канечне! Як жа можна не памятаць – гэта помнік Максіму Багдановічу. Нашаму цудоўнаму беларускаму паэту”, – абурылася пытаннем студэнтка і сходу прадэкламавала верш паэта “Калісь глядзеў на сонца я…”.

Пазней каля помніка паэту адбыўся мітынг і ўрачыстае ўскладанне кветак.

Траюрадная пляменніца паэта Вольга Дашкоўская перадала ў дар Літаратурнаму музею Максіма Багдановіча ручнік, вышыты на малой радзіме ягонага бацькі.

“Перадаю гэта працаўнікам музею, якія так шмат робяць для ўвекавечання памяці вялікага паэта”, – сказала Дашкоўская, аддаючы ручнік дырэктарцы Літаратурнага музею Максіма Багдановіча Таццяне Шэляговіч.

“Праз усё сваё жыццё Максім пранёс мару пра лепшую долю для беларусаў. Сваім творчым подзвігам і шчыраю любоўю да Беларусі ён даказаў, што беларусы — годны народ”, – адзначыла Шэляговіч падчас мітынгу.

У мітынгу і ўрачыстым ускладанні кветак да помніка паэту ўдзельнічалі прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі, Менскага гарадскога выканаўчага камітэту, Міністэрства культуры, творчая інтэлігенцыя, а таксама неабыякавыя да таленту Багдановіча жыхары сталіцы.

belsat.eu

Стужка навінаў