Увесь свет заклікае Лукашэнку адмовіцца ад смяротнага пакарання


Подпісы перададуць сёння ў Адміністрацыю прэзідэнта. Іх прывезла ў Менск эксперт «Міжнароднай амністыі» («Amnesty International») Гізэр МакГіл. «Мы сабралі 165 тысяч подпісаў па ўсім свеце. Супраць існавання ў Беларусі смяротнага пакарання выказаліся жыхары 30 краінаў свету. Пад нашаю петыцыяй падпісаліся такія знакамітыя людзі, як драматург Том Стопард і актрыса Ванэса Рэдгрэіў», – гаворыць Гізэр МакГіл.

Як зазначыла эксперт «Міжнароднай амністыі», смяротную кару арганізацыя расцэньвае як парушэнне права на жыццё і катаванне як асуджаных, так і іхных сваякоў. Яна нагадала, што Камітэт правоў чалавека ААН афіцыйна прызнаў, што сакрэтнасць, якая існуе вакол смяротнай кары (сваякам не паведамляюць пра дату расстрэлу і месца пахавання расстралянага), – гэта катаванне бацькоў асуджаных.

Даследаванні паказалі, што існаванне найвышэйшай меры пакарання ніяк не ўплывае на стан злачыннасці ў краіне і не дапамагае змагацца з ёю, адзначыла Гізэр МакГіл. Разам з тым, ніводная судовая сістэма ў свеце не можа даць 100 % гарантыі аб’ектыўнасці, таму заўсёды існуе імавернасць, што могуць пакараць невінаватых. «Сёння ўсё больш краінаў адмаўляюцца ад такога віду пакарання, і мы спадзяемся, што Беларусь далучыцца да іх, і прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўвядзе мараторый на найвышэйшую меру», – гаворыць Гізэр МакГіл.

Як зазначыў каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда, справа Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва ўзрушыла грамадскае меркаванне і ў нашай краіне, прадэманстраваўшы, што ўсё больш беларусаў выступаюць супраць смяротнай кары. Са свайго боку праваабаронцы цяпер рыхтуюць зварот у Міжнародны камітэт правоў чалавека, каб прыпыніць выкананне выраку асуджаным за выбух у менскім метро. «Праўда, мы ўжо маем сумны досвед, калі ў парушэнне ўсіх нормаў міжнароднага права ўлады Беларусі прыводзілі ў выкананне смяротны вырак. Гэтак, сёлета расстралялі жыхароў Горадні Андрэя Бурдыку і Алега Грышкаўца», – нагадаў Андрэй Палуда.

Праваабаронца гаворыць, што для таго каб Беларусь перастала быць апошняю краінай у Еўропе, дзе выкарыстоўваецца смяротнае пакаранне, дастаткова аднаго распараджэння Аляксандра Лукашэнкі.

belsat.eu

https://youtu.be/DsyKQeoRSXI

Глядзі таксама
Каментары